Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

адапты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да адаптацыі.

адапхну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адапхнуць.

адапхну́цца, ‑нецца; зак.

Адштурхнуўшыся ад чаго‑н., адсунуцца, аддаліцца. [Толя] сеў на лавачку кармы, адапхнуўся ад берага. Брыль.

адапхну́ць, ‑пхну, ‑пхнеш, ‑пхне; ‑пхнём, ‑пхняце; зак., каго-што.

Адсунуць, аддаліць штуршком. Апанаваная страхам Лёдзя ўпіралася рукамі ў падбародак Кашыну і, сцяўшы зубы, намагалася адапхнуць ад сябе, але гэта не ўдавалася. Карпаў. // Моцна напіраючы, адціснуць, прымусіць адысці. [Дзед Мікіта] адапхнуў колькі кабет і стаў наперадзе. Колас.

адара́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адараць ​1 (у 2, 3 знач.).

адара́цца, ‑аруся, ‑арэшся, ‑арэцца; ‑аромся, ‑арацеся; зак.

Разм.

1. Усё ўзараць, закончыць ворыва.

2. Аддаліцца аручы.

адара́ць ​1, ‑ару́, ‑арэш, ‑арэ; ‑аро́м, ‑араце́; зак., што.

1. Папрацаваць пэўны час на ворыве. Адараў цэлы дзень.

2. Узараць нанава поле, на якім загінулі пасевы. Адараць лён.

3. Папрацаваць на ворыве для разліку за што‑н. Адараць за доўг.

адара́ць ​2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да адарыць. Вольная праца нас адарае Песняю радасных дзён. Колас.

адарва́насць, ‑і, ж.

Стан адзіноты, адчужанасці, адсутнасць сувязі з кім‑н., чым‑н. Пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, Лабановіч часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету. Колас. Колькі разоў здаралася: стамляўся [Якаў], пачынаў сумаваць у дарозе, уяўляліся нават адзінота, адарванасць ад людзей. Кулакоўскі.

адарва́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адарваць (у 1, 3, 4 знач.).

адарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Аддзяліцца, адпасці. Каля берага [Макоўчык] нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся. Мележ. Ноччу, калі ўціхамірылася і ўляглося ўсё на вуліцы, мы [палонныя] намацалі слабейшую ліштву, і яна лёгка адарвалася. Адамчык.

2. Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Постаць адарвалася ад крыжа і наблізілася да Колі. Пестрак. Таня кінулася насустрач. Прыпала да .. [Міколы], абхапіла рукамі за шыю і не магла адарвацца. Новікаў. // Аддзяліцца ад зямлі. Самалёт, падскокваючы, пабег па палянцы, а потым, нібы з вялікімі намаганнямі, адарваўся ад зямлі і павіс у паветры. Сабаленка.

3. Перастаць часова займацца чым‑н. па якой‑н. прычыне. Гуляючы з цацкамі на падлозе, .. [Міша] увесь час паглядаў на дарослых, — ці не адарвецца хто-небудзь з іх ад работы і ці не можна будзе з ім хоць трохі пагаварыць. Шахавец. Хлопцы разоў пяць прачыталі лістоўку і ўсё ніяк не маглі ад яе адарвацца. Якімовіч. [Міхал] адарваўся ад сваіх думак, падняўся, пайшоў.. [Мані] насустрач. Васілевіч.

4. перан. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., аддаліцца ад чаго‑н. [Гарнастай:] — Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся. Навуменка. За гады вучобы.. [Лемяшэвіч] крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, а ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, і ў кіно старшыні былі падобныя адзін на аднаго. Шамякін. Трымаліся.. [кветкі] пры самай зямлі, баючыся адарвацца ад яе цяпла. Вітка. Гэта была шчырая роспач маці, якая бачыць немінучую гібель свайго дзіцяці, калі яно адарвецца ад яе. Васілевіч. // Вызваліцца ад чаго‑н. Адарвацца ад уплыву старых традыцый.

•••

Сэрца адарвалася ў каго гл. сэрца.