Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ада́птар, ‑а, м.

1. Прылада для электраакустычнага ўзнаўлення механічных запісаў гуку; гуказдымальнік.

2. Спецыяльная касета для ўтрымання плоскіх фотаплёнак.

адапта́цыя, ‑і, ж.

1. Прыстасаванне арганізмаў або органаў пачуццяў да навакольных умоў. Адаптацыя вока.

2. Спрашчэнне (палягчэнне) тэксту (напрыклад, літаратурна-мастацкага твора) для тых, хто пачынае вывучаць замежную мову.

[Ад лац. adaptatio — прыстасаванне.]

адапто́метр, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння светлавой адчувальнасці вока.

адапты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да адаптацыі.

адапхну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адапхнуць.

адапхну́цца, ‑нецца; зак.

Адштурхнуўшыся ад чаго‑н., адсунуцца, аддаліцца. [Толя] сеў на лавачку кармы, адапхнуўся ад берага. Брыль.

адапхну́ць, ‑пхну, ‑пхнеш, ‑пхне; ‑пхнём, ‑пхняце; зак., каго-што.

Адсунуць, аддаліць штуршком. Апанаваная страхам Лёдзя ўпіралася рукамі ў падбародак Кашыну і, сцяўшы зубы, намагалася адапхнуць ад сябе, але гэта не ўдавалася. Карпаў. // Моцна напіраючы, адціснуць, прымусіць адысці. [Дзед Мікіта] адапхнуў колькі кабет і стаў наперадзе. Колас.

адара́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адараць ​1 (у 2, 3 знач.).

адара́цца, ‑аруся, ‑арэшся, ‑арэцца; ‑аромся, ‑арацеся; зак.

Разм.

1. Усё ўзараць, закончыць ворыва.

2. Аддаліцца аручы.

адара́ць ​1, ‑ару́, ‑арэш, ‑арэ; ‑аро́м, ‑араце́; зак., што.

1. Папрацаваць пэўны час на ворыве. Адараў цэлы дзень.

2. Узараць нанава поле, на якім загінулі пасевы. Адараць лён.

3. Папрацаваць на ворыве для разліку за што‑н. Адараць за доўг.

адара́ць ​2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да адарыць. Вольная праца нас адарае Песняю радасных дзён. Колас.