Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адзінабо́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Змагацца адзін на адзін з кім‑, чым‑н. або аднаму з некалькімі.

адзінабо́рства, ‑а, н.

Барацьба адзін на адзін паміж двума праціўнікамі; паядынак. Даўней гэта выглядала так. Сустракаліся два варожыя станы. Асілкі скрыжоўвалі зброю, а ворагі тым часам, гледзячы з двух бакоў на адзінаборства, набіраліся злосці, каб рынуцца пасля ў крывавы бой. Брыль. // Барацьба аднаго з некалькімі праціўнікамі адначасова або са стыхіяй. Сама легенда была нескладанай: паводле яе, адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноевага каўчэга, сам уступіўшы ў адзінаборства са стыхіяй патопу. Лойка.

адзінаве́рац, ‑рца, м.

Чалавек аднаго з кім‑н. веравызнання.

адзінаве́рка, ‑і, ж.

Жан. да адзінаверац.

адзінаве́рства, ‑а, н.

Вызнанне адной з кім‑н. веры; агульнасць рэлігіі.

адзіна́кі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Такі самы, аднолькавы. Звычайная, простая з’ява, Закон адзінакі для ўсіх. Колас.

адзінакро́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які паходзіць ад аднаго бацькі, але ад розных маці (пра дзяцей). // Які звязаны агульнасцю паходжання (аб братэрскіх народах, дзяржавах). Над працоўнымі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны навісла пагроза трапіць у рабства да гітлераўскай Германіі. У такіх умовах Савецкі ўрад прыняў рашэнне аб аказанні дапамогі сваім адзінакроўным братам. «Весці».

адзінанача́лле, ‑я, н.

Сістэма кіравання, пры якой усё кіраўніцтва сканцэнтравана ў руках адной асобы. Адзінаначалле ў гаспадарцы.

адзінанача́льнік, ‑а, м.

Асоба, якая мае права адзінаначалля.

адзіна́рны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з адной часткі, не падвойны. Адзінарнае акно. Адзінарная пража.