адзеравяне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў цвёрдым, як дрэва; ператварыўся ў драўніну. // перан. Анямелы, здранцвелы. // перан. Нерухомы, застылы.
2. перан. Безуважны, абыякавы да навакольнага. Піліпчык прабадзяўся тут [у родным кутку] чатыры дні і здавалася, што ён быццам адзеравянелы. Чорны.
адзеравяне́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. адзеравянець.
адзеравяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Зрабіцца цвёрдым, як дрэва.
2. Страціць адчувальнасць; анямець, здранцвець. Калі Сымон сеў за стол, далоні яго не хацелі гнуцца, адзеравянелі ад сякеры. Чарнышэвіч.
3. перан. Стаць абыякавым да навакольнага. За гэты дзень, нават, праўдзівей сказаць, за гэтыя гадзіны, .. [Стафанковіч] атупеў, быццам адзеравянеў. Чорны.
адзервяне́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан адзервянелага.
адзервяне́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. адзервянець.
адзервяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Тое, што і адзеравянець. — Значыцца, у вас горкае вока, а ваша сэрца не зусім адзервянела, — заўважыў Лабановіч. Колас.
адзе́ржацца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Разм.
1. Устаяць на месцы, захаваць раўнавагу, не ўпасці. У галаве.. [парабчыхі] ад слабасці закружылася, яна не магла адзержацца на вышках. Чорны. Голас старога ўзняўся ад дрыжання, у нейкім адчаі ён падняў уверх галавешку і з усяе сілы выцяў ёю па галаве Хвядзька. Той захістаўся і не адзержаўся на нагах. Лобан.
2. Застацца дзе‑н., прабыць; затрымацца. Жаўнеры нядоўга адзержаліся ў нашым краі. Сабаленка.
адзе́так, ‑тку, м.
Разм. Тое, што і адзенне.
адзе́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад адзець.
2. у знач. прым. У адзенні. [Рыгор] ляжаў адзеты на непасланай пасцелі. Гартны.
3. у знач. прым. Забяспечаны адзеннем. [Міхал Тварыцкі] быў адзеты і накормлены, можа якога з паўгода і сям’я яго магла быць не галодная. Чорны.
•••
Адзеты з іголачкі — пра чалавека, які адзеты ва ўсё новае.