адзвані́ць, ‑званю, ‑звоніш, ‑звоніць; зак.
1. што. Адзначыць што‑н. звонам; празваніць. На сцяне гадзіннік адзваніў дванаццаць. Галавач.
2. без дап. Кончыць званіць. Даўно адзванілі ў царкве — адпраўлялася праваслаўная імша. Чорны.
•••
Вушы адзваніць — надакучыць просьбай, гутаркай каму‑н., доўга і настойліва прасіць каго‑н.
адзвіне́ць, ‑ніць; зак.
1. Празвінець; перастаць звінець, заціхнуць. Яшчэ не адзвінеў званок у калідоры, а мы імчаліся з другога паверха ў раздзявалку.. Хадкевіч. // Адгучаць, перастаць гучаць. Даўно за лесам — ціхім борам — Адзвінела песня ў жытніх хвалях. Вітка.
2. перан. Мінуць, прайсці (аб часе). Без пары адцвілі, адзвінелі гады, І цябе [Багдановіча] падкасіла нядоля. Васілёк.
адзво́н, ‑у, м.
Дадатковы гук, які вынікае ад удару металічных ці шкляных прадметаў аб што‑н. і далучаецца да асноўнага гуку ці шуму. Толькі чутно было, як боўталася з бляшаным адзвонам вадкасць у бітонах. Дуброўскі.
адзво́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адзваніць (у 1 знач.).
адзе́жа, ‑ы, ж.
Тое, што і адзенне (у 1 знач.). [Кузьма:] — Справа не ў тым, у якой адзежы ты ходзіш, а ў тым, што пад гэтай адзежай ты носіш. Колас. Прытрымліваючы крыссе тонкай сваёй доўгай адзежы, постаць пайшла паволі і роўна. Чорны.
адзе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
1. Памянш. да адзежа. Каб не ежка ды не адзежка, было б грошай поўна дзежка. Прыказка.
2. Адзінкавы прадмет адзення; тое, што і адзежына.
адзе́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да адзежы; прызначаны для адзежы. Адзежная шафа. Адзежная тканіна. Адзежнае забеспячэнне.
адзе́жына, ‑ы, ж.
Адзін з прадметаў адзення. Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы [Джуліі]. Быкаў.
адзе́нне, ‑я, н.
1. Вырабы з тканіны, футра і пад., якія надзяюць на сябе. Цёплае адзенне. Цывільнае адзенне. □ Яны некуды спяшаліся, гэтыя людзі ў нязвыклым адзенні, у нязвыклым для Міколкі абутку. Лынькоў. [Настаўнік] выдзяляўся сярод вязняў не толькі сваім гарадскім адзеннем, але паважнасцю і стройнасцю чалавека інтэлігентнага. Машара. / у перан. ужыв. Растрэслі адзенне лясы, Даўно адцвілі верасы. Колас.
2. Спец. Пакрыццё праезджай часткі дарогі, вуліцы, абліцоўка будынкаў і інш.
адзеравяне́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан адзеравянелага.