самні́ты, ‑аў; адз. самніт, ‑а, М ‑ніце, м.
Старажытныя італійскія плямёны, якія жылі ў цэнтральнай частцы Апенінскага паўвострава.
самні́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да самнітаў, які належыць, уласцівы ім. Самніцкія войны.
само́та, ‑ы, ДМ самоце, ж.
1. Адзінота, знаходжанне ў адзіноцтве. Пісар Васількевіч сядзеў у сваім запаветным пакойчыку, дзе ён часта любіў заставацца ў самоце. Колас.
2. Стан, самаадчуванне самотнага; смутак, туга. У роспачы і самоце, Аляксей ішоў сам не ведаючы куды. Вітка. Не плач, шматпакутная маці! Мы прыйдзем і ласкай сагрэем тваё набалелае сэрца, І знікне самота з вачэй. Панчанка. / у вобразным ужыв. Самота выльецца слязамі, Як хмара цёмная — дажджом. Лось. Нылі тэлефонныя правады, выплаквалі ў адвечны прастор сваю самоту. Пташнікаў.
само́тнасць, ‑і, ж.
Стан самотнага чалавека; пачуццё адзіноцтва. У бацькі для сына знайшлося раптам багата пяшчотных і цёплых слоў, бацька для сына вынаходзіў забавы і заняткі, вырываючы яго з самотнасць. Мікуліч. Усё цяжэй і цяжэй пачаў адчуваць.. [Сцяпан] сваё адзіноцтва. Ад гэтай самотнасць магла б пазбавіць толькі.. [Мая]. Дуброўскі.
само́тнік, ‑а, м.
Той, хто пазбягае людзей, вядзе адасобленае жыццё. Натуральна, што і лірычны герой у рамантычных творах Змітрака Бядулі гэтага часу — адзінокі самотнік. Каваленка. / у перан. ужыв. Дзе вольхі ніцыя крысом хаваюць бераг стромы, жыве стары самотнік сом, на ўсю раку вядомы. А. Вольскі.
само́тніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да самотніка, належыць яму. Самотніцкае жыццё.
само́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Жыць на адзіноце, знаходзіцца ў становішчы самотнага. [Мацей Мышка:] — Аказваецца, пакуль я самотнічаў і ў маткі рэдка бываў, і нічога не ведаў, дык дзядзька мой у Вільню пераехаў. Гарэцкі.
само́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў адзіноцтве, жыве адасоблена ад іншых; адзінокі. На самотным, запушчаным хутары.. жыла з старым бацькам дзяўчына. Брыль. Цётка Еўка падобна на сваю хату — такая ж згорбленая і самотная. Сіпакоў. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш, ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. / у перан. ужыв. Самотным дрэвам сняцца май і радасць, А мне — маё забытае святло. Караткевіч. Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся. Бывай, смуглявая, каханая, бывай. Стаю на ростанях былых, а з паднябесся Самотным жаўранкам звініць і плача май. Куляшоў.
2. Сумны, журботны. Калі.. [Яўхім] убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу. Мележ. // Прасякнуты самотай, тугой. [Арсень Андрэевіч] стараўся адкаснуцца ад самотных думак, але не мог. Марціновіч. Я не хачу шукаць прычыны Самотнай ростані навек. Прыходзька. // Які выражае самоту. Самотныя вочы, як промні, Душу працінаюць да болю. Вітка.