самотны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў адзіноцтве, жыве адасоблена ад іншых; адзінокі. На самотным, запушчаным хутары.. жыла з старым бацькам дзяўчына. Брыль. Цётка Еўка падобна на сваю хату — такая ж згорбленая і самотная. Сіпакоў. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш, ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. / у перан. ужыв. Самотным дрэвам сняцца май і радасць, А мне — маё забытае святло. Караткевіч. Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся. Бывай, смуглявая, каханая, бывай. Стаю на ростанях былых, а з паднябесся Самотным жаўранкам звініць і плача май. Куляшоў.

2. Сумны, журботны. Калі.. [Яўхім] убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу. Мележ. // Прасякнуты самотай, тугой. [Арсень Андрэевіч] стараўся адкаснуцца ад самотных думак, але не мог. Марціновіч. Я не хачу шукаць прычыны Самотнай ростані навек. Прыходзька. // Які выражае самоту. Самотныя вочы, як промні, Душу працінаюць да болю. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)