Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сапсава́цца, ‑псуюся, ‑псуешся, ‑псуецца; ‑псуёмся, ‑псуяцеся; зак.

1. Зрабіцца няспраўным, непрыгодным для карыстання, ужывання. Не даязджаючы кіламетраў пяць да Мохаўкі, машына сапсавалася. Шахавец. Сэрца балела, калі ў якой кватэры кавалак тынку адваліцца або дзверы сапсуюцца. Бядуля.

2. Стаць хваравітым ад чаго‑н. [Міхалючок:] Ад смятаны і сала разам дык жывот сапсуецца. Чорны.

3. Змяніцца на горшае, пагоршаць, зрабіцца дрэнным. Надвор’е сапсавалася: сыпаў мокры снег, дзьмуў халодны паўночны вецер. Бяганская. За апошні час адносіны Пісанца з рэдактарам сапсаваліся. Грамовіч. [Барташэвіч] нічога не адказаў: мой настрой цалкам сапсаваўся. Карпюк. // Зрабіцца менш прыгожым, непрывабным. Твар дзяўчыны нешта сапсаваўся.

4. Набыць дрэнныя звычкі, схільнасці; распусціцца. І мне здаецца, Ніколі добры чалавек Не сапсуецца, А дрэнь Заўсёды дрэнню застаецца. Корбан. [Іван Мацвеевіч:] Дай дзецям волю, пусці іх без догляду — сапсуюцца. Бядуля.

5. Стаць нясвежым (аб прадуктах). [Віктар:] — Калі будзеш доўга чакаць, то мяса і сапсавацца можа. Маўр.

сапсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак.

1. што. Зрабіць няспраўным, непрыгодным для ўжывання, карыстання; пашкодзіць. [Дэлегат:] — І каб жа гаспадары, а то сапсуюць зямлю. Зямля любіць, каб і з яе браць і каб ёй даваць. Галавач. Колькі гэты ксёндз сапсаваў паперы, пакуль адна з камедый была прынята да пастаноўкі! Бядуля. // Зрабіць нясвежым (аб прадуктах). Сапсаваць мяса.

2. каго-што. Прывесці ў хваравіты стан. [Доктар:] Вам [Наталі] здароўе сапсавалі няўмекі. Вы не сцерагліся. Чорны. Калупае сахаром той гной Зося, асцерагаецца, праўда, — не доўга сябе сапсаваць. Крапіва.

3. што. Змяніць на горшае, пагоршыць; зрабіць дрэнным. Сапсаваць адносіны. □ Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала.. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. І ні слова больш не сказаў Рыгорка; так можна ўсю справу сапсаваць. Якімовіч. // Сарваць, парушыць. Добра было б цяпер напасці на [вайсковы абоз]. Але нельга: самавольным учынкам можна сапсаваць увесь план. Маўр. [Верабей:] — Ну, чакайце ж! Ваша свята я таксама сапсую! Гілевіч.

4. каго-што. Зрабіць дрэнны ўплыў. [Давідовічыха:] Ой, не, зусім не сапсавалі твае душы, дзевухна! Лупсякоў. Едучы дадому, Варановіч думаў, што рабіць з Шалютам, якога былая слава сапсавала дашчэнту. Дуброўскі.

5. каго-што. Пазбавіць прыгажосці. Сапсаваць прычоску.

•••

Сапсаваць кроў каму — прычыніць каму‑н. шмат клопату, нарабіць непрыемнасцей.

Сапсаваць (усю) абедню (музыку) каму — сарваць, парушыць каму‑н. якія‑н. планы, справы і пад.

сапса́н, ‑а, м.

Драпежная птушка сямейства сакаліных, сапраўдны сокал. У Венгрыі правялі вопыты па выкарыстанню сокалаў-сапсанаў як вартаўніком. Матрунёнак.

сапсе́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які выжыў з розуму.

сапсе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца старым, нікчэмным з выгляду. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў, Аглух, як палка, палысеў. Корбан. // Выжыць з розуму. — Мо ты, стары, сапсеў, што пачынаеш патакаць? — абурана кажа.. [бабка Вера]. Лупсякоў.

сапсу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сапсуць.

2. у знач. прым. Тое, што і сапсаваны (у 2–5 знач.).

сапсу́цца, ‑псуюся, ‑псуешся, ‑псуецца; ‑псуёмся, ‑псуяцеся; зак.

Тое, што і сапсавацца. Трактар сапсуўся. □ Цяжка стала ад гэтай жаласлівасці, настрой сапсуўся. Бядуля.

сапсу́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак., каго-што.

Тое, што і сапсаваць. Сапсуць паперы. □ Гэтая размова сапсула хлопцу ўсю радасць ад Ургі, Касюнькі і Алмы [сабакі і коней]. Караткевіч.

сапу́н, ‑а, м.

1. Разм. Той, хто цяжка дыхае, сапе.

2. Спец. Клапан у картэры рухавіка ўнутранага згарання.

сапу́ха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.

Жан. да сапун (у 1 знач.).