сапсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак.
1. што. Зрабіць няспраўным, непрыгодным для ўжывання, карыстання; пашкодзіць. [Дэлегат:] — І каб жа гаспадары, а то сапсуюць зямлю. Зямля любіць, каб і з яе браць і каб ёй даваць. Галавач. Колькі гэты ксёндз сапсаваў паперы, пакуль адна з камедый была прынята да пастаноўкі! Бядуля. // Зрабіць нясвежым (аб прадуктах). Сапсаваць мяса.
2. каго-што. Прывесці ў хваравіты стан. [Доктар:] Вам [Наталі] здароўе сапсавалі няўмекі. Вы не сцерагліся. Чорны. Калупае сахаром той гной Зося, асцерагаецца, праўда, — не доўга сябе сапсаваць. Крапіва.
3. што. Змяніць на горшае, пагоршыць; зрабіць дрэнным. Сапсаваць адносіны. □ Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала.. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. І ні слова больш не сказаў Рыгорка; так можна ўсю справу сапсаваць. Якімовіч. // Сарваць, парушыць. Добра было б цяпер напасці на [вайсковы абоз]. Але нельга: самавольным учынкам можна сапсаваць увесь план. Маўр. [Верабей:] — Ну, чакайце ж! Ваша свята я таксама сапсую! Гілевіч.
4. каго-што. Зрабіць дрэнны ўплыў. [Давідовічыха:] Ой, не, зусім не сапсавалі твае душы, дзевухна! Лупсякоў. Едучы дадому, Варановіч думаў, што рабіць з Шалютам, якога былая слава сапсавала дашчэнту. Дуброўскі.
5. каго-што. Пазбавіць прыгажосці. Сапсаваць прычоску.
•••
Сапсаваць кроў каму — прычыніць каму‑н. шмат клопату, нарабіць непрыемнасцей.
Сапсаваць (усю) абедню (музыку) каму — сарваць, парушыць каму‑н. якія‑н. планы, справы і пад.