адсе́кчыся, ‑сячэцца; ‑сякуцца; пр. ‑секся, ‑секлася.
Тое, што і адсячыся.
адсе́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адсяліць.
адсе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; зак.
1. Аддзяліцца, адстаць (пра малако, хлеб і пад.). Цётка Хіма, набраўшы ў жменьку з карца вады, абгладжвала кожны бохан, мо для таго, каб блішчала скарынка, а мо каб ён не адсеў, і накрыла доўгім вышываным ручніком. Сабаленка. // Распасціся на тварожыстую масу і сыроватку; адкіпець (пра малако). Прывезла [старая] малако і парыць пачала. Яно ж яшчэ не закіпела, Як тут жа і адсела. Корбан.
2. Здаць назад. Тады [Ратушняк] узяў тузануў за лейцы — конь падагнуў яшчэ горш галаву і адсеў назад у аглоблях: не пайшоў. Пташнікаў.
3. перан. Разм. Адлегчы, спасці. Ганна Кухарава знарок мігнула Зосі і паклікала пайсці на двор «паглядзець, ці мароз адсеў». Крапіва. І ўсе згрызоты нейк адселі, І ўсе тут зноў павесялелі. Колас.
адсе́ў, ‑севу, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. адсейваць, адсяваць — адсеяць і адсейвацца, адсявацца — адсеяцца.
2. Тое, што адсеялася ў часе прасейвання, што аказалася непрыдатным, што не адпавядае запатрабаванням і асталося за межамі чаго‑н. У трэцяй, апошняй, групе застаўся самы адсеў, — старыя мужчыны, ужо не касцы, і падлеткі — яшчэ не касцы. Брыль.
адсе́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адсячы (адсекчы).
адсе́яны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адсеяць.
адсе́яцца, ‑сеюся, ‑сеемся, ‑сеецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аддзяліцца шляхам прасейвання. Вотруб’е адсеялася ад мукі.
2. Кончыць сяўбу. Платон усміхаецца: «Во адсеемся, тады на цэлы тыдзень вазьму адгул». Асіпенка. // Перастаць сеяць па якой‑н. прычыне. [Корбут:] — Адсеяўся я, Васіль... Цяпер буду сядзець тут на беразе з вудаю... Савіцкі.
3. перан. Выбыць з ліку, складу чаго‑н. [Кавалеўскі:] — Я праглядаў вашы зводкі. У вас адсеялася тысяча семсот чалавек. Карпаў.
адсе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., каго-што.
1. Прасейваючы, аддзяліць. Насыпала [маці] свежае жытняй мукі, Пазаддзе адсеяла І асцюкі І доўга пасля, не шкадуючы сілы, Крамянае цеста Мясіла, мясіла. Грахоўскі. // перан. Пазбавіць сваю памяць, свае ўяўленні ад другараднага, неістотнага.
2. перан. У выніку адбору вывесці каго‑н. з ліку, складу чаго‑н., адлічыць.
3. Пасеяць нанава на месцы вымаклага, неўзышоўшага.
4. Закончыць сяўбу. Язэпка ведаў, што як пачынаецца вясна, войт не дасць перадышкі, пакуль не адсеюць усе панскія палеткі. Якімовіч.
адсёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Трошкі ад’есці, адпіць (чаго‑н. рэдкага). Адсёрбаць булёну.
адсёрбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адсёрбаць.