адгарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Разм. Перажыць шмат гора. // Пражыць пэўны час, пераадольваючы цяжкасці. Адгараваць зіму. □ Ёсць родныя. Ды ўсе жывуць сабой, І толькі верная твая любоў Са мной мой век адгаравала. Буйло.
адгарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.
Адгарадзіць сябе, свае ўладанні якой‑н. агароджай, заслонай, перагародкай. Прыбудоўку атынкаваў [Фёдар], выбеліў, адгарадзіўся зялёным парканам і зрабіў свой уласны выхад на вуліцу. Ракітны. // перан. Парваць сувязь з кім‑н.; адасобіцца, аддзяліцца ад каго‑, чаго‑н. Юрканс і ў бараку адгарадзіўся ад людзей. Броўка. [Пятру Тадаровічу] пашанцавала, і ён адгарадзіўся ад усяго свету. Чорны.
адгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што ад чаго.
Аддзяліць (перагародкай, плотам і пад.) што‑н. ад чаго‑н. Гаспадыня зачыніла дзверы і быццам адгарадзіла пакой ад усяго астатняга свету. Савіцкі. // Аддзяліць, з’яўляючыся перагародкай, перашкодай. Тут [на месцы, дзе балота злучалася з ручвом раўчука] павінна была вырасці высокая і моцная грэбля, якая адгародзіць балотца ад раўчука. Якімовіч. // перан. Абараніць засцерагчы ад чаго‑н. небяспечнага або непрыемнага. Да радаснага адчування ашчаслівіць і.. «адгарадзіць .. [Славу] ад усялякіх злых намераў» далучалася пачуццё патрэбы самому збыць з свае галавы ўсё гэта, ачысціцца ад усялякіх слядоў мінулага. Чорны. [Малашанка:] — Ты што ж... хочаш, каб я ад імя абкома адгарадзіў цябе ад крытыкі камуністаў? Шамякін. // перан. Пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н.; адасобіць. У той дзень Манцэвічу пачало здавацца, што яго адгарадзілі ад усяго свету. Адамчык.
адгарну́цца, ‑горнецца; зак.
Павярнуцца з аднаго боку на другі (пра лісты ў кнізе). / у перан. ужыв. Адгарнулася новая старонка ў шматвяковай гісторыі Полацка — старонка будаўніцтва камунізма. Хадкевіч.
адгарну́ць, ‑гарну, ‑гарнеш, ‑гарне; зак., што.
1. Адгрэбці, адсунуць убок. Адгарнуць жар у печцы. □ Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлю і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы. Колас. [Піліп Андрэевіч:] — Пад’ехалі мы.. да яго, адгарнулі траву ў лодцы, а ў .. [Сенькі] там не менш трох пудоў рыбы ляжыць. Краўчанка.
2. Адсунуць, адхіліць, адвесці ўбок. Добра было б адгарнуць з вачэй валасы, прыпусціцца да першага дрэва бягом, каб схавацца пад ім ад дажджу. Брыль. // Адагнуць, адвярнуць (пра адзежу і пад.). Кудзіш асцярожна, следам за Ігнатавай рукой, намацаў рану, адгарнуў каўнер кашулі. Галавач.
3. Разгарнуць, адкрыць (кнігу, сшытак і пад.); павярнуць з аднаго боку на другі (старонку). Хлапчук дастаў з-пад канапы брудны, патрапаны альбом, адгарнуў вокладку. Асіпенка.
адгаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адгарадзіць.
адгаро́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адгароджваць — адгарадзіць і адгароджвацца — адгарадзіцца.
адгаро́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адгарадзіцца.
2. Зал. да адгароджваць.
адгаро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адгарадзіць.