Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адбі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адбіць.

адбі́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адбіваць — адбіць (у 11, 12, 13 знач.).

адбіўны́, а́я, ‑о́е.

1. Якім адбіваюць што‑н. Адбіўны молат.

2. Прыгатаваны шляхам адбівання, размякчэння ўдарамі. Адбіўная катлета. / у знач. наз. адбіўна́я, ‑ой, (‑ое), ж. З’есці адбіўную.

адбі́цца, адаб’юся, адаб’ешся, адаб’ецца; адаб’ёмся, адаб’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адкалоцца, адламацца. Ад кубка адбілася ручка.

2. Даючы адпор, абараніцца ад нападу, ад чыіх‑н. непрыязных, варожых дзеянняў. Неспакой узрастаў. Чорт яго ведае, ісці ці не?.. Падумаў: «Калі правакацыя, адаб’юся. Не так проста ўзяць Галая». Асіпенка. // Абараніцца, вызваліцца. Не паспеў адбіцца ад адной [пчалы], як зараз жа цэлая плойма густой сеткай замільгацела ў вачах. Дуброўскі. // Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Нельга адбіцца ад думкі, што гэтыя дзве хаты, нібы тыя заядлыя маладзіцы-суседкі, пасварыліся і паадварочваліся адна ад адной. Сабаленка.

3. Адстаць ад тых, з кім быў разам. Гэта было маленькае дзікае качанятка, якое, відаць, адбілася ад чародкі. Краўчанка. [Эміль Клебер] не мог нікога знайсці з сваіх таварышаў. Ён ведаў, што некаторыя з іх забітыя тут дзесьці ляжаць. А жывыя напэўна адышлі кудысьці, і ён адбіўся ад іх. Чорны.

4. Аддаліцца, парваць сувязь з кім‑, чым‑н. Адбіцца ад дому. // Перастаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. □ Няма яму [Міхалу] нядзелькі, свята — Ідзе ды йдзе ён, як закляты; У шчэпку высах з той хады, Ад сну адбіўся, ад яды. Колас.

5. Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамені і пад.). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал. Маўр.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні. Да берага Нёмана прарваўся першы бранявік. Нават нахабна адбіўся ў спакойнай.. вадзе. Брыль. // перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).

7. Выявіцца, атрымаць вонкавае праяўленне (пра пачуцці, стан і пад.). Трывога адбілася ў .. [Аксені] на твары, і рукі ўжо неяк неахвотна гарнуліся да працы. Пестрак.

8. Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё, адчуванне; адазвацца. Потым надыдзе зіма, прыйдзе вясна, вернецца лета і зноў настане восень, залатая і непаўторная, зменяцца далягляды і адаб’юцца навек у душы чалавека. «Маладосць».

9. Зрабіць уплыў, уздзеянне на каго‑, што‑н. Частыя ўзлёты і падзенні адбіліся на здароўі.. Скашынскага. Чарнышэвіч. Адмоўна адбілася на развіцці байкі і іншых сатырычных жанраў блытаніна, якая яшчэ не так даўно мела месца ў поглядах на сатыру. Казека.

10. Астацца пасля каго‑, чаго‑н., пакінуць адбітак. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага. В. Вольскі. // перан. Захавацца ў памяці.

•••

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, перастаць падпарадкоўвацца.

адбіццё, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адбіць (у 2 знач.).

2. Тое, што і адбітак (у 3 знач.). Энтузіязм і героіка рэвалюцыі і грамадзянскай вайны знаходзілі.. адбіццё і праяўленне ў тэматыцы і стылі твораў многіх пісьменнікаў. Адамовіч.

адбі́ць, адаб’ю, адаб’еш, адаб’е; адаб’ём, адаб’яце; зак., каго-што.

1. Ударамі адкалоць, адшчапіць, адарваць, адкрышыць (частку цэлага або што‑н. прымацаванае). [Крамарэвіч] падняў камень, адбіў прабой і адчыніў сенцы. Чорны. Камандзіру разведкі, Адаму Бухаўцу, разрыўною куляй адбіла ў запясці правуюруку. Брыль. // Адкрыць, адчыніць што‑н. забітае. Адбіць дзверы, дошку.

2. Сустрэчным ударам адкінуць. Праходзіла мінута за мінутай, а мне ўсё не ўдавалася адбіць яшчэ ніводнага мяча. Карпюк. // Паспяхова абараняючыся, прымусіць адступіць; аказваючы моцнае супраціўленне, спыніць (напад, атаку і пад.). Праз некалькі хвілін Арсен быў ужо ў артылерыстаў, перад якімі стаяла задача адбіць наступленне варожых танкаў. Кавалёў. Сталі радзіцца [звяры], Як быць, Як напад ваўка адбіць. Калачынскі. // перан. Адказваючы на абвінавачанні, прыдзіркі і пад., абвергнуць іх. Бальшавікі адбілі ўсе атакі праціўнікаў, якія спрабавалі раззброіць расійскі пралетарыят. «Звязда».

3. Сілаю, з боем адабраць каго‑, што‑н., вярнуць захопленае. Натоўп кінуўся на паліцэйскі ўчастак і з поспехам адбіў арыштаваных таварышаў. Гарэцкі. Мы раніцой адбілі гэту вёску. Панчанка.

4. Разм. Прывабіць, прыцягнуць да сябе, выклікаць любоў да сябе, прымусіўшы аддаліцца ад другога. [Жлукта:] Гэты палкі юнак хоча адбіць у мяне маю жонку. Крапіва. // Аддаліць, адхіліць каго‑, што‑н. ад чаго‑н. або каго‑н. Адбіць пакупнікоў.

5. Прымусіць баяцца што‑н. рабіць, знішчыць, адабраць (ахвоту, жаданне, памяць і пад.). [Прыстром] хацеў давесці Дзерашу больш яскрава беззаганнасць сваёй тэорыі, сваіх думак, раз назаўсёды адбіць у таго ахвоту спрачацца. Шынклер. Можа гора і ўтрапенне апошніх дзён адбілі ў .. [Аўдоцці] памяць, замутнілі розум? Мележ.

6. Адкінуць у адваротным кірунку (прамені, гук і пад.).

7. Адлюстраваць што‑н. на сваёй гладкай, бліскучай паверхні. І раніцай дарога, добра ўмытая, Пасерабрылася, у асфальце чыстым Адбіла сонца з яснымі блакітамі, Паркан гародчыкаў і лес расісты. Калачынскі. Алеся, бедная Алеся, Краса наднёманскіх дзяўчат! Ты сінь азёрнага Палесся Адбіла ў сонечных вачах. Трус. // Адлюстраваць у вобразах, паняццях; выказаць.

8. Выявіць, даць вонкавае праяўленне (пачуццям, стану і пад.).

9. Выстукаць рытмічнымі ўдарамі. Другі [хлопец], у сіняй кашулі з вышытым каўняром, сарваўся б з месца, адбіў бы чачотку. Васілёнак. // Адзначыць ударамі, звонам. Гадзіннік адбіў дванаццаць. // Перадаць па тэлеграфе. [Маргарыта:] — Яе думала, што.. [Барыс] не дабярэ часу пісьма людскага напісаць. Адну тэлеграму адбіў: не турбуйся, цалую. Скрыган.

10. Ударам (ударамі) пашкодзіць што‑н., зрабіць балючым. Яшчэ і дагэтуль усе ў вёсцы памяталі, як.. [Грамабой] адбіў печані Сідараваму хлапцу, калі той незнарок упусціў карову ў Грамабоеву віку. Крапіва.

11. Завастрыць лязо касы, б’ючы малатком.

12. Аддзяліць, перагарадзіўшы. Гэтаму сталу ўжо і месца падрыхтавалі: высокай фанернай фарбаванай шырмай адбілі кавалак пакоя з акном і дзвярыма проста ў калідор. Чорны. // Абмераўшы, выдзеліць участак чаго‑н. Усім хацелася на свае вочы бачыць, што робіцца, дзе каму які ўчастак адаб’юць. Галавач.

13. Правесці лінію ударам вяроўкі або шнура. // Паставіць кляймо.

14. Пабіць (расліны, пасевы). Град адбіў жыта.

•••

Глузды адбіць — пабоямі пашкодзіць разумовую дзейнасць каго‑н.

Ногі адбіць (збіць, набіць) — моцна натаміць ногі, доўга ходзячы. Дзед Тодар здрыгануўся, ступіў да стала: — Нічога не прыдумаеш. Вілія і пад лёдам шалёная... Ногі мы адбілі, цэлыя суткі не прысеўшы. Пташнікаў.

Адбіць паклон — пакланіцца. [Бабка] закончыла нарэшце сваю малітву і адбіла апошні паклон. Каліна.

адблі́скаць, ‑ае; зак.

Перастаць бліскаць.

адблі́скваць, ‑ае; незак.

Даваць водбліск; адсвечваць. Вочы адблісквалі зеленаватым бляскам. □ Дождж з раўчукоў паволі пераходзіў на кроплі, а маланкі адблісквалі ўжо далёка і нясмела. Мурашка.

адблы́таны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адблытаць.

адблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Развязаць, раскруціць тое, чым што‑н. заблытана.