самаўнушэ́нне, ‑я, н.
Унушэнне чаго‑н. Самому сабе.
самаўпра́вец, ‑раўца, м.
Разм. Той, хто схільны да самаўпраўства, дзейнічае самаўпраўна.
самаўпра́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць самаўпраўнага. Чыніць самаўпраўнасць.
самаўпра́ўнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Дзейнічаць самаўпраўна, займацца самаўпраўствам. Працаваў.. [Мазаль] на ферме Не адзін год і за гэты час «вопыт» яго вырас у вельмі своеасаблівым кірунку: ён навучыўся самаўпраўнічаць. Палтаран.
самаўпра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які дзейнічае самачынна, незаконна, паводле ўласнага нораву. Самаўпраўны дыктатар.
самаўпра́ўства, ‑а, н.
Парушэнне кім‑н. законнага парадку пры вырашэнні якіх‑н. спраў; самачыннае, незаконнае ажыццяўленне чаго‑н. [Буцкевіч Стрыжаку:] — Гэта нечуванае самаўпраўства! Вашы падначаленыя парушаюць самыя элементарныя дыпламатычныя нормы. Вітка.
самаўпра́ўца, ‑ы, м.
Разм. Тое, што і самаўправец. Ніхто так рашуча не ваяваў з браканьерамі, як Ігнат Дзерваед! Адно яго прозвішча наводзіла жах на самаўпраўцаў. Паслядовіч.
самаўпэ́ўненасць, ‑і, ж.
Уласцівасць самаўпэўненага; празмерная ўпэўненасць у сваіх сілах, здольнасцях і пад. [Дырэктар:] Але, на жаль, радасць мая была не доўгай. З работай ты [Верхаводка] спраўляўся нядрэнна, але адкуль у цябе з’явілася нейкая такая самаўпэўненасць, што ты ўсё можаш, і мора табе па калена!.. Губарэвіч. Гэта было зусім нечаканым для Чарнавуса, упершыню ён адчуў сябе прыніжаным і на нейкі час нават страціў ранейшую самаўпэўненасць. Кулакоўскі.
самаўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
Занадта ўпэўнены ў сабе, сваіх сілах, магчымасцях. Лемяшэвіч пачуў, як ціха скрыпнула фортачка ў акне, і яму было страшэнна непрыемна пярэчыць, даводзіць цяпер гэтай самаўпэўненай і грубаватай жанчыне. Шамякін. — Нашто ж табе [Тоўхарту] трэба было нанава раджацца? — недаверліва сказаў Гальвас, бачачы ў ласкавасці свайго друга жорсткую ўладарнасць самаўпэўненага гаспадара. Чорны. // Які выражае празмерную ўпэўненасць у сабе, сведчыць пра яе. Самаўпэўненая ўсмешка. □ [Прыбытак] павітаўся з мужчынамі за руку, і нельга было не адзначыць, што ў яго заўсёды самаўпэўненай і ганарлівай постаці сёння нечага не хапала. Васілевіч.
самаўсведамле́нне, ‑я, н.
Усведамленне сябе, сваёй ролі ў чым‑н., свайго прызначэння для чаго‑н. У нямногіх словах заслугі Маркса і Энгельса перад рабочым класам можна выразіць так: яны навучылі рабочы клас самапазнанню і самаўсведамленню, і на месца мараў паставілі навуку. Ленін. [М. Багдановіч] ведаў, што такое мінуўшчына для народаў, якія выходзяць на шлях самаўсведамлення. Клышка.