Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

са́дзік, ‑а, м.

Разм. Памянш.-ласк. да сад.

садзі́цца, саджуся, садзішся, садзіцца; незак.

1. Незак. да сесці.

2. Зал. да садзіць (у 4–7 і 9 знач.).

садзі́ць, саджу, садзіш, садзіць; незак., каго-што.

1. Запрашаць або прымушаць заняць якое‑н. месца. Усіх мы блізкіх, дарагіх У родным доме сустракаем, За стол гасцінны садзім іх, Частуем цёплым караваем. Прыходзька. // Дапамагаць заняць месца ў якім‑н. транспарце для паездкі. Садзіць людзей у машыну. Садзіць пасажыраў на параход. // Прапаноўваць сесці і заняцца чым‑н. Садзіць дзяцей за ўрокі. Садзіць вучня за кнігу. // Весці на пасадку, прызямленне (самалёт). Самалёт давялося садзіць на полі.

2. Прызначаць, уладкоўваць на якую‑н. пасаду. Цяпер калі каго ўжо садзяць на трактар, дык ён няйначай механізатар шырокага профілю. Кірэйчык. [Зусь:] — [Леўка Здрок] даўно ўжо квапіўся пасадзіць на Васілёва месца свайго брата, такога ж.., як і сам. Дык няхай бы садзіў. Сабаленка.

3. Пасяляць дзе‑н. (для вядзення гаспадаркі). Перасяленцаў прыйшлося садзіць на неабжытыя ўчасткі.

4. Знявольваць, пазбаўляць волі. Садзіць на гаўптвахту. □ [Бусыга:] — Талаш і Рыль?.. Гэтых людзей гуртам ганяюць, як тавар, ды ў астрогі садзяць. Колас. // Змяшчаць куды‑н. (птушак, жывёлін). Птушак лавілі і садзілі ў клеткі. // Аб’ядноўваць разам. Ці можна будзе .. [барсукоў] садзіць разам з цецерукамі? — казаў Віктар. Маўр. // Змяшчаць каго‑н. у што‑н. для расплоджвання, гадоўлі. Садзіць рыбу ў сажалку. // Змяшчаць у гняздо для выседжвання куранят, качанят і пад. Садзіць качку на яйкі. Садзіць квактуху.

5. на што. Разм. Патрабаваць прытрымлівацца якога‑н. рэжыму, абмяжоўваць у чым‑н. Садзіць на дыету. Садзіць на паёк.

6. Закопваць у зямлю карані саджанцаў, клубні і пад. з мэтай вырошчвання раслін. Садзіць памідоры. Садзіць бульбу. □ Бацька век зжыў на гаспадарцы, а ён — вучыць: сырадэлю сёй, буракі на полі садзі, вокны ў хляве карове праразай. Крапіва. Маладая настаўніца ў школьным двары Садзіць з вучнямі стройныя дрэўцы. Гілевіч. // Весці працу ў агародзе, рабіць пасадкі. Людзі садзілі агароды, працавалі ў полі. Лупсякоў.

7. Змяшчаць у гарачую печ, сушню для выпякання, сушэння. Садзіць хлеб у печ.

8. Змяшчаць за рамку (фотаздымкі). Я адчыняю сумку, дастаю адтуль Валодзькаву картку і саджу за рамку — хай ён са сцяны ўсміхаецца маці. Лось.

9. Разм. Усоўваць што‑н. куды‑н. Садзіць нагу ў бот. □ Пальцы між дзвярэй не садзі. Прыказка. // Усаджваць, утыкаць. Садзіць іголку ў клубок. □ Садзіць [Света] вяху дзе папала, кладзе руку сабе на бок і стаіць, скрывіўшыся, чакае. Пташнікаў. // Насаджваць на вастрыё; караць, мучыць. Даўней за злачынства на кол садзілі. // Набіваць, надзяваць, замацоўваючы на чым‑н. Садзіць шасцярню на вал. Садзіць восці на шост.

10. і без дап. Разм. Энергічна, з сілай утвараць якое‑н. дзеянне. Садзіць кулаком пад бок. Сінякі садзіць. // Страляць з гармат па чым‑н. Немец садзіў па .. [мястэчку] цяжкімі снарадамі. Навуменка. // Моцна дзьмуць (пра вецер). Садзіў пранозлівы вецер, мабыць, з дзвярэй, але іх загароджвалі людзі, якія невядома адкуль з’явіліся тут. Асіпенка. Вецер садзіць у вочы, фурчыць у вушах. Брыль. // Выходзіць з коміна густымі клубамі (пра дым). Ганька спазнілася. Людзі ўжо выпаляць скора... Вунь як садзіць дым у Анюткі Корбутавай і Мані Паўлавай. Васілевіч. // Заўзята, раз за разам, пасылаць што‑н. (часцей лісты са скаргамі). Яго жонка двойчы аліментны ліст прысылала, і цяпер па ўсіх інстанцыях пісьмы садзіць. Савіцкі.

11. без дап. Разм. Бадзёра ісці, бегчы нацянькі. Воўк з ядлоўцу вылятае Ды ў авечак проста садзіць. Злы, раз’юшаны, бы кат. Колас. Чапляючыся за галлё і карчы, абдзіраючы рукі аб сухія вострыя патырчакі, хлопцы нацянькі садзілі ў Вайніловічаў двор. Мурашка.

12. Угрузіўшы ў што‑н. вязкае, гразкае, даць завязнуць, засесці. Колькі разоў садзіў.. [Мікола Багун] тут у гразь свой трактар. Шчарбатаў.

13. Наносіць, прышываць што‑н. на якую‑н. паверхню (плямы, латкі і пад.). Садзіць кляксы. Латкі садзіць.

14. Разм. Марна траціць, транжырыць (грошы). Садзіць грошы без разбору.

15. Разм. Правальваць каго‑н. на экзамене. Садзіць паступаючых на закавырыстых пытаннях.

•••

На пасад садзіць — а) рыхтаваць месца і садзіць на вяселлі на покуце — пачэсным месцы; б) аддаваць замуж. Раз бяседа вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі. Купала.

Пасад садзіць — рассцілаць снапы на таку ў два рады, каласы да каласоў для абмалоту.

Садзіць за стол — частаваць.

Садзіць нос куды, у што — умешвацца не ў сваю справу. [Лявоніха:] — Ідзі ўжо, ідзі, толькі не вісі там, як цюцька на вяселлі, не тыя гады. Ды не садзі носа, куды не трэба. Дамашэвіч.

садзьму́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад садзьмуць.

садзьму́ць, ‑дзьму, ‑дзьмеш, ‑дзьме; ‑дзьмём, ‑дзьмяце; зак., каго-што.

Скінуць, знесці з паверхні чаго‑н. струменем, павевам ветру. Дзе-нідзе вецер і зусім садзьмуў з дарогі снег, кары заносіла ўбок, і Ігналь ледзь утрымліваўся на капылах. Лупсякоў. Стаяць на ганку было трудна: вось-вось садзьме вецер у гурбу, якая ўжо асталявалася па той бок ганка, дзе было зацішней. Колас. / у безас. ужыв. Бацьку .. з ложка нібы ветрам садзьмула. Курто.

са́дка 1, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. садзіць (у 7 знач.).

2. Спец. Тое, што пасаджана куды‑н. для апрацоўкі. Мартэнаўская печ на тры тоны садкі.

са́дка 2, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Цкаванне злоўленага звера сабакамі; прывучванне маладых ганчакоў браць воўка.

са́дкі 1, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які дае хуткі асадак. Садкі памол папяровай масы.

са́дкі 2, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які глыбока асядае ў вадзе (аб параходах, караблях). Вялікія караблі вельмі садкія.

са́дкі 3, ‑ая, ‑ае.

Рэзкі на смак, даўкі. Садкае віно.

садко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які трымаюць у садку ​2. Садковая рыба.

са́дніць, ‑ніць; незак.

Разм. Шчымець, даваць пякучы боль (у выніку ранення, раздражнення скуры, апёку і пад.). Міколку, аднак, было не да смеху, бо.. вельмі садніла параненая шчака. Лынькоў. Нарэшце такі боль пачаў праходзіць, хоць яшчэ і садніла спаленая кіслатой дзясна. Чарнышэвіч. // перан. Пра душэўныя пакуты. Нешта садніла сэрца ў Ганны, настрой дурны навяваўся на яе. Нікановіч.

садо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саду. Садовая агароджа. □ [Алёша] чуў.. частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы. Лынькоў. // Прызначаны для догляду саду. Садовы нож. Садовая піла.

2. Які расце ў садзе; культурны. Садовыя дрэвы. □ Садовых кветак, красак з поля Ахапкі! Поўныя збаны! Пакой у гэтакім убранні — Замры! Рукамі развядзі... Бялевіч. // Які знаходзіцца ў садзе. Садовая лаўка.

3. Які мае адносіны да садаводства, звязаны з ім. Садовы раён. Садовыя насаджэнні. Садовай справе вучыцца.

•••

Садовая галава гл. галава.