Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сабанту́й, ‑я, м.

У татараў і башкіраў — народнае свята, звязанае з заканчэннем вясенніх палявых работ. // перан. Разм. Шумлівая пагулянка; калатня; бітва. Во толькі звозіць яшчэ раз кампанію і ўчыніць суседзям невялічкі сабантуй, па-свойму, па-шафёрску. Б. Стральцоў.

сабатава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сабатаваць.

сабатава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сабатаваць (у 1 знач.).

сабатава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да сабатаваць (у 1 знач.).

сабатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

1. што. Наўмысна сарваць (зрываць) што‑н.; дзейнічаць супроць чаго‑н. шляхам сабатажу. Кулакі сабатавалі ўсе загады Савецкай улады: хавалі хлеб, дзе толькі маглі. Сяргейчык.

2. толькі незак. Займацца сабатажам. [Даніла:] — Але ты быў упэўнены, што хлопчык сабатуе. Мехаў.

сабата́ж, ‑у, м.

1. Наўмысны зрыў якога‑н. мерапрыемства ўхіленнем ад удзелу ў ім ці свядомым нядобрасумленным яго выкананнем. [Кох:] — Трэба паслаць у дэпо сваіх людзей, праз якіх мы зможам ведаць усё: хто перашкаджае, адкуль ідзе сабатаж, каго трэба ліквідаваць там. Лынькоў.

2. Замаскіраванае супрацьдзеянне ў мэтах перашкодзіць ажыццяўленню чаго‑н. Сабатаж справы міру. □ [Міхась:] — Бяры сякеру і — на гумно. А не прыйдзеш, будзем лічыць гэта як сабатаж. Сіняўскі.

[Фр. sabotage.]

сабата́жнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца сабатажам. Маргун павінен быў напісаць перадавы артыкул аб класавай барацьбе ў вёсцы, аб сабатажніках, якія шкодзілі калгаснаму будаўніцтву. Сабаленка.

сабата́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да сабатажнік.

сабата́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сабатажу, сабатажніка. Сабатажніцкія дзеянні.

сабата́жніцтва, ‑а, н.

Дзеянні сабатажніка; сабатаванне.