Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адхіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да адхіліць.

адхіна́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адхінаць — адхінуць.

адхіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адхінуцца.

2. Зал. да адхінаць.

адхіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адхінуць.

адхіну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адхінуць.

адхіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Адхіліцца, адсланіцца (пра тое, што захінае). Папера адхінулася, і я ўбачыў, як у вялікіх чорных вачах дзяўчынкі з’явіўся жах, а рукі ў яе задрыжалі. Карпюк. Вось-вось зараз адхінецца фіранка і за ёю з’явіцца Зіна. Асіпенка.

2. Падацца ўбок, адступіцца, адхіліцца ад чаго‑н.; адарвацца. Рыбкін адхінуўся ад спінкі крэсла, сеў прама і вольна. Гамолка. Спалоханы машыніст адхінуўся ад акна, жорстка схапіў.. [Ірыніну] руку. Лынькоў. [Каця] палажыла Гарбачэню руку на плячо і, як малое дзіця, якое апяклося аб шкло лямпы, адхінулася ад яго. Гурскі.

3. перан. Адступіцца, адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Адам Блецька адчуў усёй сваёй істотай, што Гальвас, як ад чаго агіднага, адхінуўся ад яго. Чорны.

4. перан. Адлучыцца, адысці на кароткі час. Адхінуцца на хвілінку.

адхіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Адхіліць, адсланіць (тое, чым захінута што‑н.). Ліпачка павярнулася да акна, трошачкі адхінула фіранку і глядзіць, углядаецца ў месячную ноч. Сабаленка. На Эльбрусе з белых дзвюх вяршыняў Раніца зняла смугі пялёнку, Быццам бы з грудзей сваіх Дзяўчына Адхінула прасціну спрасонку. Аўрамчык.

2. Адхіліць, адвесці ўбок. Пётра разумее, што трэба ўзняцца, узяць вілкі і выняць з печы чыгун з вадою, але не можа адхінуць далоні ад скроняў. Галавач. А Сымонка, як прыкуты, Не мог пальцам зварухнуць, Не мог гэтых чараў путы Ні разбіць, ні адхінуць. Колас.

адхісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Рэзка падацца ўбок; адхіліцца. — Не трэба гэтага, Мартын! — устрывожана сказала Аўгіня. І ўсім целам адхіснулася ад яго, каб вызваліцца з яго рук. Колас. [Параска] адхіснулася ад акна і стаілася за сцяною. Лобан.

2. перан. Адступіцца, рашуча адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Хай бы хоць што-кольвек было ў .. [Косціка] Станіслававага, .. [Галя] б не адвярнулася, не адхіснулася б ад яго. Сабаленка.

адхла́нне, ‑я, н.

Кароткае аблягчэнне ад цяжкай працяглай работы, перадышка. Маўкліва церпяць парабкі вякоў — Ні продыху, ні адхлання. Барадулін.

адхліпну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся; ‑няцеся; зак.

Разм. Дыхнуўшы, выдаліць з горла тое, чым захліпнуўся.