адмаха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Прамахаць пэўны час чым‑н. Хлопцы адмахалі.. косамі цэлы тыдзень. Машара.
2. што. Разм. Прайсці, праехаць вялікую адлегласць. П[е]рад ім [аграномам] ізноў шляхі ляжаць, І мусіць ён спяшацца — Яшчэ патрэбна адмахаць, Напэўна, вёрст дванаццаць. Броўка.
3. Разм. Хутка, спрытна зрабіць, выканаць што‑н. [Шпулькевіч] чакаў, пакуль Стафанковіч [увайшоўшы ў сабор] адмахае сваю норму крыжоў і стане на сваё месца. Чорны.
адма́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адмахнуцца.
•••
Адмахвацца рукамі і нагамі — наадрэз адмаўляцца ад каго‑, чаго‑н.
адма́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адмахнуць.
адмахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.
1. Махнуўшы чым‑н., адагнаць ад сябе, не дапусціць да сябе каго‑н. Адмахнуцца ад камара. // Махнуць рукой (рукамі) у знак пратэсту, нязгоды, незадаволенасці чым‑н. — Калі варта, дык і палаяць не пашкодзіць, — нецярпліва адмахнулася ад мужа рукою Вера Васільеўна. Паслядовіч.
2. перан. Разм. Адмовіцца рабіць што‑н., не паспрабаваўшы разабрацца, не ўдзяліць увагі чаму‑н.; несур’ёзна аднесціся да якой‑н. справы. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў. Шамякін. А швагер мой — нібы зусім цвярозы, нібы назаўсёды хочучы адмахнуцца ад таго, што было — апусціў вочы. Брыль.
адмахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
Узмахам рукі, галавы адкінуць. Заяц адмахнуў грыўку вышэй на лоб, узважыў бот на руцэ, пастукаў костачкамі пальцаў па падэшве, прыцмокнуў. Хомчанка.
адмацава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які сведчыць пра адмацаванне, зняцце з уліку. Адмацавальны талон.
адмацава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адмацоўваць — адмацаваць і адмацоўвацца — адмацавацца.
адмацава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адмацаваць.
адмацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
Зняцца з уліку.
адмацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго.
Зняць з уліку адкуль‑н. // Скасаваць прымацаванае. [Юра:] — І цяпер я прапаную адмацаваць, пакуль не позна, Толю ад Мішы, каб не мець у звяне лішняга двоечніка. Якімовіч.