Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аддзьму́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

З сілай, з шумам выдыхаць паветра. Прыйшоўшы з кузні, Міша доўга мыўся каля парога, паліваючы на рукі з кубка, з прыемнасцю аддзьмухваўся і пырхаў. Арочка.

аддзьму́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аддзьмухаць.

аддзьму́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да аддзьмухаць.

аддзяжу́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Правесці на дзяжурстве некаторы час. Аддзяжурыць цэлыя суткі. // перан. Прабыць некаторы час на цяжкай нецікавай працы, службе.

2. Закончыць дзяжурства. [Чыгуначнік:] — Вунь лава ў дзяжурцы, але на ёй Мітрошчанка спіць. Аддзяжурыў і спіць. Б. Стральцоў.

аддзя́ка, ‑і, ДМ ‑дзяцы, ж.

Адплата за зробленае дабро, за паслугу. Суседскай дзяўчынцы найлепшы на смак аддала [маці] у аддзяку вялікі праснак. Дубоўка.

аддзя́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каму.

1. Выказаць удзячнасць, падзякаваць. [Людзі] прагнуць песні, ловяць яе на ляту, ціснуцца да цябе, працягваюць рукі, каб аддзякаваць мастаку-паэту. Пестрак. І не стараецца вельмі Сцяпан, не моршчыць лоб, каб выдумаць што-небудзь, — само вярзецца. Толькі каб было каму слухаць ды аддзякаваць Сцяпану вясёлым смехам захаплення. Крапіва.

2. Адплаціць падарункам, грашыма або добрай справай за якую‑н. паслугу. — Дзіцятка маё, збавіцель ты наш, чым табе аддзякаваць? Вазьмі хоць на семачкі, — працягнула Аксіння зялёненькую паперку. Пальчэўскі. // перан. Якім‑н. учынкам адпомсціць за крыўду.

аддзяле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. аддзяляць — аддзяліць (у 1–3 знач.) і аддзяляцца — аддзяліцца.

2. Адгароджаная частка памяшкання. [Немцы] спыніліся ў першым аддзяленні склада, пераставілі некалькі скрынак, параіліся аб нечым і накіраваліся ў каморку. Пятніцкі. // Адна з частак, на якія падзелена што‑н., прызначанае для захоўвання розных рэчаў, прадметаў. Партфель мае два аддзяленні.

3. Частка прадпрыемства, установы і пад. Машыннае аддзяленне. Хірургічнае аддзяленне. Завочнае аддзяленне універсітэта. // Асобная самастойная ўстанова, арганізацыя і пад. ў сістэме чаго‑н. Паштовае аддзяленне сувязі. Раённае аддзяленне міліцыі.

4. Ніжэйшае вайсковае падраздзяленне, частка ўзвода. Стралковае аддзяленне.

5. Самастойная частка канцэрта, тэатральнай прадстаўлення і пад. Першае аддзяленне канцэрта.

6. У дарэвалюцыйнай пачатковай школе — падраздзяленне вучняў адпаведна году навучання; клас. І вось, пасля гадавога перапынку, я зноў пайшоў у школу. На гэты раз у апошні клас (тады называлася аддзяленне) народнага вучылішча ў мястэчку Узда. Крапіва.

аддзялённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да аддзялення (у 4 знач.). Аддзялённы камандзір.

2. у знач. наз. аддзялённы, ‑ага, м. Камандзір аддзялення. У арміі Бяссонаў доўга служыў і салдатам, і аддзялённым, і ўзводным, і ротным — усё ў пяхоце, у танкавую часць ён трапіў многа пазней. Мележ.

аддзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.

1. Вылучыцца з агульнай адзінай масы. Тварог аддзяліўся ад сыроваткі.

2. Адысці, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Тры самалёты аддзяліліся ад групы і накіраваліся да станцыі. Мележ. Другі раз Васіль бачыў [Віктара] каля свайго акна ўжо зусім раніцай, як той аддзяліўся ад сцяны і сышоў на загуменне. Лобан. // перан. Адасобіцца ад каго‑, чаго‑н. Цяпер.. вельмі востра адчувае Рыгор Караневіч, што сяло зусім аддзялілася ад яго. Так — Рыгор Караневіч сам па сабе, а сяло само па сабе. Скрыган. Міхась адчуваў пасля сходу, што ўсе мы — хто пайшоў у калгас — аддзяліліся ад яго, засталіся на тым баку рэчкі. Брыль.

3. Стаць самастойным гаспадаром пасля падзелу маёмасці. Міхал, як толькі ажаніўся, Тады ж ад бацькі аддзяліўся, Бо стала цесна. Колас.

аддзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Вылучыць з агульнай адзінай масы што‑н. або адасобіць тое, што знаходзіцца ў злучэнні з чым‑н. Аддзяліць бялок ад жаўтка. □ [Клаўдзя:] — Колькі я табе гаварыла, каб аддзяліць калгасных кароў ад агульнага статка. Шамякін. // Адасобіць, раз’яднаць. Аддзяліць царкву ад дзяржавы.

2. Вылучыць, пазнаць. Аддзяліць істотнае ад выпадковага, галоўнае ад другараднага. Аддзяліць праўду ад хлусні.

3. Раздзяліўшы, засланіўшы, адмежаваць. Новы напор ветру густой заслонай пылу аддзяліў.. [Берднікава] ад групы людзей. Мікуліч.

4. Выдзеліць каму‑н. долю з агульнай гаспадаркі і даць магчымасць весці самастойную гаспадарку. [Данілка:] Дык.. [Сымона і Зоську] аддзяліць трэба, калі ім кепска з намі жыць. Купала. [Мікіту Лазуну] не дае спакою грамадскі выган, дзе ён хацеў бы паставіць другую хату, каб аддзяліць жанатага сына. Хромчанка.