адгалінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
Зрабіць адгалінаванне чаго‑н.
адгаліне́нне, ‑я, н.
Тое, што і адгалінаванне.
адгаліно́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адгалінавацца.
2. Зал. да адгаліноўваць.
адгаліно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адгалінаваць.
адгало́с, ‑у, м.
Тое, што і адгалосак. Часта і цяпер у цішы ночы звонкім адгалосам разлягаюцца па балоце гукі гармоніка. Чарот. Спі, змагар! Над магілаю цеснаю Краскі ўзыдуць з пасеяных слёз... Прыйдзе моладзь не раз к табе з песняю, Смела кінуўшы ўдаль адгалос. Васілёк.
адгало́сак, ‑ску, м.
1. Рэха, водгулле. Ад песень ад гулкіх плывуць адгалоскі Па шумных дубровах і нівах. Купала. // чаго. Аслаблены адлегласцю гук чаго‑н. Неба на ўсходзе палыхала частымі знічкамі, і адтуль даляталі зрэдку далёкія адгалоскі грому. Лынькоў.
2. перан.; чаго. Тое, у чым выяўляюцца сляды ўплыву, уздзеяння чаго‑н.; рэшткі, вынік чаго‑н. З’явіўшыся яркім адгалоскам нарастаючага вызваленчага руху сялянства, адлюстраваўшы яго класавы пратэст супраць памешчыкаў і царызму, увабраўшы ў сябе нацыянальна-вызваленчыя імкненні шырокіх народных маc, .. [творчасць Багушэвіча] стала значнай літаратурна-грамадскай з’явай Беларусі напярэдадні рэвалюцыі 1905 г. Івашын. Як адгалосак, як цень свайго мужа, .. [Аўдоцця] жыла яго жыццём. Бядуля.
адгало́ссе, ‑я, н., зб.
Тое, што і адгалосак. Толькі рэха далятала, Звонкай песні адгалоссе. Гілевіч. Сціхла трывожнае адгалоссе стрэлаў, і зноў рэха насіла над балотамі роспачлівую песню шакалаў. Самуйлёнак. У гарах гулка пакацілася адгалоссе. Быкаў.
адгамані́ць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; зак.
Закончыць, перастаць гаманіць. Адгамоняць, бывала, школьнікі — пачынаюць сходзіцца дзядзькі-грамадаўцы і яшчэ неграмадаўцы. Таўлай. // перан. Прайсці, закончыцца (пра што‑н. шумнае, гаманлівае). Адгрукаў гром. Адгаманіла лета На мове зор малінавых і кветак. Панчанка. Даўно прайшоў з апошнім громам лівень, адгаманіў даўно на полі жнівень. Русецкі.
адганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да адагнацца.
2. Зал. да адганяць.
адганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да адагнаць.