адга́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Адказ на загадку; рашэнне, якое раскрывае якую‑н. тайну. Як сагрэўся [Ігнат], пачаў здагадвацца, куды яго вязуць, і спалохаўся нечаканай адгадкі. Галавач.
адгадо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да адгадоўваць.
адгадо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адгадаваць.
адга́дчык, ‑а, м.
Разм. Той, хто ўмее адгадваць, адгадвае што‑н.
адга́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Разм.
1. Адслужыць, адпрацаваць доўгі час на якой‑н. цяжкай рабоце. Бацька мой у імперыялістычную шэсць гадоў у палоне адгакаў і жывы вярнуўся. Беразняк. З другой паперы бачна, што паспытаў Міхалка і вугальныя шахты. Пад зямелькай адгакаў ён кайлом нешта каля пяці год. «ЛіМ».
2. Адбудаваць. Адгакаць дом.
адгаласі́ць, ‑лашу, ‑лосіш, ‑лосіць; зак.
Праплакаць, галосячы, пэўны час. [Параска] ужо слаба помніць, як забіралі ў [панскі] двор Язэпку, затое па Васільку адгаласіла разам з маткаю. Якімовіч.
адгалёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Перастаць галёкаць. Адгалёкаў і супакоіўся.
адгалінава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. адгалінаваць, адгалінавацца.
2. Бакавы адростак, галіна. Жывіць сасну толькі адзіны корань, што распусціў свае адгалінаванні ў процілеглы ад ракі бок. Марціновіч.
3. Частка чаго‑н., якая выдзяляецца ад асноўнага напрамку і адыходзіць убок. Адгалінаванне чыгуначнага пуці.
адгалінава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адгалінаваць.