саракарублёвы, ‑ая, ‑ае.
Вартасцю, цаной у сорак рублёў.
саракато́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Аўтамабіль грузападымальнасцю ў сорак тон. І мінскія саракатонкі Сваім рыканнем глушаць позні гром. Панчанка.
саракато́нны, ‑ая, ‑ае.
Грузападымальнасцю ў сорак тон. Магутны саракатонны вежавы кран мае вышыню добрых сорак метраў. Шыцік.
саракахвілі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які працягваецца сорак хвілін. Саракахвілінны перапынак.
сарако́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.
Разм.
1. Сорак гадоў. Ездзіў Картуль шпарка, затое хадзіў паволі-паволі, нібыта баючыся растрэсці сябе, хоць не меў яшчэ і саракоўкі за плячыма. Пташнікаў. [Яўхім:] — Бачу, што нібыта прайшоў Усцін, а ты і ёсць Усцін!.. Значыць, яшчэ ходзіш? Колькі табе... пад дзве саракоўкі ўжо ёсць? Ракітны.
2. Уст. Манета вартасцю ў 20 капеек. Калі на стале зазвінела грыўні, залатоўкі, саракоўкі і паўрублі, Садовіч ціха сказаў Лабановічу: — Давай, брат, папрабуем. Лабановіч першы раз бачыў такую ўрачыстую, такую паважную гульню. Колас. Хлопцы яшчэ сабралі па саракоўцы, і капельмайстар паабяцаў іграць усю ноч. С. Александровіч.
3. Уст. Бутэлька гарэлкі ёмістасцю ў 1/40 частку вядра.
4. Тое, што мае таўшчыню ў 40 міліметраў (сантыметраў). Дошка-саракоўка.
сараку́ш, ‑а, м.
Драпежная птушка з атрада вераб’іных з вялікай загнутай дзюбай і моцнымі кіпцюрамі. Раптам каля палаткі апусцілася птушка. Гэта быў чарналобы саракуш. Ігнаценка.
сарамата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.
Разм.
1. Сорам, ганьба. [Ахрэм:] — Вунь бачыш?.. Новы старшыня ў сані ўпрогся, сарамата якая! Краўчанка.
2. Пачуццё маральнай адказнасці за свае паводзіны, учынкі. Страціць сарамату.
сараматні́к, ‑а, м.
Разм. Той, хто не мае сораму, хто парушае правілы прыстойнасці; бессаромны чалавек. Старшыніха выняла Кліма кулаком па спіне. — Сараматнік, хоць бы апрануўся! Лобан.
сараматні́ца, ‑ы, ж.
Разм. Жан. да сараматнік.
сараматны́, ‑ая, ‑ое.
Бессаромны, непрыстойны. — А што гэта — халуй? — запытаў Паўлік. [Андрушка:] — Гэта такое сараматное слова. Лобан.