сарако́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.

Разм.

1. Сорак гадоў. Ездзіў Картуль шпарка, затое хадзіў паволі-паволі, нібыта баючыся растрэсці сябе, хоць не меў яшчэ і саракоўкі за плячыма. Пташнікаў. [Яўхім:] — Бачу, што нібыта прайшоў Усцін, а ты і ёсць Усцін!.. Значыць, яшчэ ходзіш? Колькі табе... пад дзве саракоўкі ўжо ёсць? Ракітны.

2. Уст. Манета вартасцю ў 20 капеек. Калі на стале зазвінела грыўні, залатоўкі, саракоўкі і паўрублі, Садовіч ціха сказаў Лабановічу: — Давай, брат, папрабуем. Лабановіч першы раз бачыў такую ўрачыстую, такую паважную гульню. Колас. Хлопцы яшчэ сабралі па саракоўцы, і капельмайстар паабяцаў іграць усю ноч. С. Александровіч.

3. Уст. Бутэлька гарэлкі ёмістасцю ў 1/40 частку вядра.

4. Тое, што мае таўшчыню ў 40 міліметраў (сантыметраў). Дошка-саракоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)