Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саграва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца, служыць для сагравання. Сагравальны кампрэс.

саграва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. саграваць — сагрэць і сагравацца — сагрэцца.

саграва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сагрэцца.

2. Зал. да саграваць.

саграва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сагрэць.

сагразі́ць, ‑гражу, ‑грозіш, ‑грозіць; зак.

Абл. Зрабіць што‑н. на злосць каму‑н.; насаліць каму‑н., даняць, дапячы. [Рыгор:] — Але вось наўмысля прыйду, вось каб табе сагразіць... Зарэцкі. [Бялькевіч:] — Ну, думаю, што ж нам у схованкі гуляць? Усё роўна Сімацкі туды мяне пашле. Ды і не хачу, каб ён падумаў, што гэтым можа мне сагразіць. Савіцкі.

саграшы́ць, ‑грашу, ‑грэшыш, ‑грэшыць.

Зак. да грашыць.

сагрэ́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сагрэць.

сагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.

1. Стаць цёплым, гарачым; нагрэцца. Вада сагрэлася. Зямля сагрэлася. // Сагрэць сябе, сваё цела. Сцёпка сагрэўся пад коўдраю і заснуў моцным сном. Колас. Ломячы лёд, рушыў [Міхал Тварыцкі] назад к берагу, вылез наверх і ўжо, каб сагрэцца, пабег. Чорны.

2. перан. Падабрэць ад спагадлівых, сардэчных размоў, адносін. Хацелася трохі сагрэцца Цяплом размовы, Ды дзядзька — маўчун... Арочка. Сама Волька, заўважаючы ў сабе гэту змену, не магла не дзівіцца, як яе жаночае сэрца адтала, сагрэлася і само пачало грэць. Васілевіч.

сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.

2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.