сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.

2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)