адсве́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Тое, што і адсвечваць (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом, рассякаючы ясную гладзь ціхай Свіслачы, у якой як у люстры, адсвечваліся водбліскі полымя. Якімовіч. Сонца заходзіла чыста, на мокрых платах адсвечвалася яно і аж калола ў вочы. Чорны. Вочы чалавека .. гарэлі.. дзіўным бляскам.. Ці то застыглая жорсткасць.., ці то захапленне бойкай адсвечвалася ў іх позірку. Лынькоў.
2. Адліваць якім‑н. колерам. Смуглявы твар адсвечваўся бронзай. Шахавец.
адсве́чваць, ‑ае; незак.
1. Адбіваючы святло, свяціцца, даваць водсвет. Конь прыціх, супакоіўся, ледзь адсвечвала нерухомая падкова. Лынькоў. // Адліваць колерам чаго‑н. або якім‑н. колерам. Золатам адсвечвала пажоўклае лісце вішняку. «Маладосць».
2. Адбівацца на чым‑н. Выгібы хваль, разварушаных лодкай, пабліскваюць, адсвечваюць на пясчаным дне. Брыль. [Міхалковіч:] Унь, бачыш, бляск. Гэта, мусіць, сонца ад шыб адсвечвае. Чорны. // перан. Адбівацца (у вачах, на твары — пра душэўны стан). Але ў [Рыгоравай] ухмылцы адсвечвала сур’ёзная ўвага да Ганны. Гартны.
адсвіста́ць, ‑свішчу, ‑свішчаш, ‑свішча; зак.
Скончыць свістаць. У дубах салаўі адсвісталі. Пысін.
адсвяжы́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
Вярнуць ранейшую сілу якіх‑н. пачуццяў, уяўленняў; аднавіць у памяці. [Дзядзька:] — Хвароба Ніны нібы прабудзіла ва мне, адсвяжыла, сабрала ў адно ўсю любоў да дзяцей, да ўсіх, вядома, не толькі нашых. Брыль.
адсвянца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Адсцябаць, адлупцаваць. [Вадзік:] — Калі ты зараз жа не сціхнеш, дык я цябе так адсвянцаю, што свету не ўбачыш. Асіпенка. [Міхал:] — Як адсвянцаю разоў сто, Як адлуплю — тры дні не сядзе! Колас.
адсвяткава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адсвяткаваць.
адсвяткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Закончыць святкаваць. Адгрымелі салюты ў гонар перамогі, людзі адсвяткавалі сваё найвялікшае свята. Шахавец.
2. Справіць свята, наладзіць урачыстасць з якой‑н. нагоды. Адсвяткаваць юбілей. □ Калі нас куля праміне, Мы адсвяткуем нашу страчу. Астрэйка.
адсвяці́цца, ‑свеціцца.
Зак. да адсвечвацца. Запеўшы пахвалай нязведанай далі, К вядомай павернецца [думка] долі людской; Адсвеціцца ў слёзах, як свечка ў крышталі, Ды ў свет зноў за сонцам, за новай зарой! Купала.
адсвяці́ць, ‑свеціць; зак.
Кончыць свяціць.
адсе́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адседжваць — адседзець.