Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адрака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да адрачыся.

адрамантава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адрамантаваць.

адрамантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Паправіць, зрабіць прыгодным для карыстання што‑н. сапсаванае. Адрамантаваць трактар. □ Стафанковічы адрамантавалі млын, як мае быць, і гаспадар пусціў яго ў ход у першую вялікую адлігу. Чорны. // перан. Жарт. Вылечыць.

адра́нак, ‑нку, м.

Абл.

1. Ранак. Брыду адранкам ля ракі, збіваючы расу, І самапал на два куркі На выпадак нясу. Броўка.

2. Ранішняя пасьба кароў. Сонца стаяла высока — бралася пад паўдня. Такой парой гоняць дамоў з адранку скаціну. Пташнікаў.

адранцве́ласць, ‑і, ж.

Стан адранцвелага. Раней усімі сіламі.. [Мацвей] імкнуўся перамагчы ў Марыне тую адранцвеласць, якая доўга не праходзіла пасля таго, як яна вярнулася з фашысцкай няволі. Шарахоўскі.

адранцве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў стане адранцвення. // Які страціў адчувальнасць; знямелы, здранцвелы, адзеравянелы. Коля тым часам прывязаў каня да маладой сасонкі, а сам пачаў тупаць па дарозе, размінаючы адранцвелыя ногі. Якімовіч. Уплёўшыся за .. [вяроўку] адранцвелымі пальцамі, Ігнась разгойдваў язык звана. Чарнышэвіч.

адранцве́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. адранцвець.

адранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць нерухомым, замерці, знямець. — Змоўчы, быдла! — гаркнуў раптам палкоўнік, і пан Зыгмунт зусім адранцвеў. Лынькоў. Прыдушаная нечуванаю бядотаю, маці раптам адранцвела і доўга не магла паварушыцца. Якімовіч. // Страціць адчувальнасць, адзеравянець. [Мікалай:] — Эх, і любіла.. [Ніна] песні! Да поўначы іншы раз слухала. У мяне ўжо адранцвеюць пальцы, а яна ўсё просіць іграць і пець. Шашкоў. Малілася [Лісавета] горача і доўга, не чула, што адранцвелі калені, але малітвы не прыносілі супакаення. Чарнышэвіч.

адрапартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

Аддаць рапарт; далажыць пра што‑н. па правілах вайсковай службы. Дзяжурны па часці гучна адрапартаваў палкоўніку і саступіў убок, даючы дарогу. Алешка. — Таварыш камандзір узвода, — адрапартавала Рыма, — заданне выканана, варожы эшалон, які ішоў на фронт, падарваны. Васілеўская. // перан. Разм. Коратка паведаміць пра што‑н. — Ёсць маскоўская, старка, кагор, катлеты і мяса тушанае, — завучаным тонам адрапартавала.. [афіцыянтка] прыезджым. Асіпенка.

а́драс, ‑а, м.

1. Надпіс на паштовым адпраўленні, у якім указваецца месцазнаходжанне атрымальніка. Сяргей прачытаў надпіс на некалькіх старых канвертах. На ўсіх — адзін адрас: дэпутату Вярхоўнага Савета. Шамякін. // Указанне месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Прамчала віхрам конніца І знікла ў шызай далі. Дзяўчаты непакояцца, Што адрасоў не далі. Гаўрусёў.

2. Пісьмовае прывітанне ў гонар якой‑н. урачыстай падзеі, звычайна юбілею. Паднесці прывітальны адрас.

•••

Зваротны адрас — адрас адпраўшчыка.

[Фр. adresse.]