Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адле́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адляпіць.

адле́таваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

Прабыць, перажыць лета. Алешына ўжо, канешне, адлетавала, і, гледзячы на яе, сапраўды думалася пра познюю восень. Кулакоўскі.

адлёт, ‑у, М ‑лёце, м.

Дзеянне паводле дзеясл. адлятаць — адляцець (у 2 знач.).

адлётаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Скончыць лётаць. Адлёталі ў паветры апошнія пушыстыя сняжынкі. Кірэйчык.

2. Разм. Пралётаць пэўны час. Адлётаць тры гады.

адлётны, ‑ая, ‑ае.

Які адлятае на новае месца; пералётны. Усё было і адышло, і вось пад нагамі ўжо шастае апалы асенні ліст, а над галавой, дзесьці высока ў небе, чуваць трубныя крыкі адлётных жураўлёў. Краўчанка.

адліва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. адліваць — адліць (у 1–4 знач.); адліўка.

адліва́ны, ‑ая, ‑ае.

Выраблены ліццём; літы, адліты. Адліваныя кулі. Адліваныя дэталі.

адліва́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адліцца.

2. Тое, што і адліваць (у 2 знач.). Ужо здалёку відаць вежы цэркваў і касцёлаў, якія золатам у небе адліваюцца. Бядуля.

3. Зал. да адліваць (у 1 знач.).

адліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да адліць (у 1–4 знач.).

2. чым. Даваць водбліск, водсвет; пералівацца колерамі. Вада дрыжала пад ветрам, адлівала ад месяца срэбрам. Чорны. // Моцна свяціцца колерам таго матэрыялу, з якога зроблены, якім пакрыты прадмет. Яркай зелянінай адлівалі палі кукурузы. Шашкоў. // Даваць адценне новага колеру. Шыбы вагонаў у цемры адлівалі цёмна-сіняй мутнай марской гладдзю. Барашка. Плечы і крылы.. [пеўня] адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.

адлі́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны, служыць для адліўкі (у 1 знач.). Адлівачная форма.