Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адва́л, ‑а, м.

1. Частка плуга, акучніка, якая адразае скібу зямлі і пераварочвае яе; тое, што і паліца (у 2 знач.). Плуг падразае мяжу і адвалам павольна кладзе яе на бок. Галавач.

2. Перавернутая скіба зямлі.

3. Спец. Насып з пустых парод на горных распрацоўках.

адвалака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адвалачыся.

2. Зал. да адвалакаць.

адвалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адвалачы.

адвалачы́, ‑валаку, ‑валачэш, ‑валачэ; ‑валачом, ‑валачаце; пр. адвалок, ‑валакла, ‑валакло; зак., каго-што.

Адцягнуць, перанесці што‑н. на іншае месца, убок ад чаго‑н.

адвалачы́ся, ‑валакуся, ‑валачэшся, ‑валачэцца; ‑валачомся, ‑валачацеся, ‑валакуцца; зак.

Разм. груб. Пераадольваючы цяжкасці пакуты, адысці.

адва́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адваліць.

адвалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аддзяліўшыся, адарваўшыся, адпасці. Са сцяны, пад акном, адваліўся карычневы абломак тынку, упаў на стол. Мележ. // перан. Знікнуць, прайсці (пра адчуванні, пачуцці). Патапчык крочыў на Алеся, потым стаў і крута павярнуў убок. Калі ён знік у гушчарніку, Алесь падняўся. Уся нуда, здаецца, раптам адвалілася ад яго. Чарнышэвіч.

2. Адхіліцца тулавам назад, адкінуцца. Лаўніцкі сеў, адваліўся на спінку крэсла, падрыхтаваўшыся да размовы. Шахавец.

3. Разм. Пад’еўшы, здаволіўшыся, пакінуць есці. [Пракоп:] — От толькі што адваліўся ад сваёй бульбы, дык ваша, мабыць, не ўлезе. Сабаленка.

4. перан. Стаць меншым, паменшаць (пра мароз, спёку і пад.). Мароз адваліўся, і з неба, нізка павісшага над вёскай, церушыў драбнюткі сняжок. Дуброўскі. Пад вечар, калі трохі адвалілася гарачыня, на вялікі брукаваны двор казармы другога бабруйскага батальёна ўвайшоў невысокі дзядок з берасцянай вярэнькаю за плячыма. Грахоўскі.

•••

Рукі адваліліся гл. рука.

Рукі не адваляцца гл. рука.

адвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што. Адвярнуць што‑н. цяжкае ад чаго‑н., што было прывалена ім ці перашкаджала чаму‑н. Адваліць каменную глыбу. // Зняць заваду ў дзвярах, варотах. Прытрымліваючы рукою крысы кажуха, да брамы падышоў гаспадар, не спяшаючыся адваліў завалу і адчыніў веснічкі. Пальчэўскі.

2. што. Аддзяліць, выдзеліць, адрэзаць каму‑н. значную частку чаго‑н. Адваліць лусту хлеба. / у іран. ужыв. Выхапіў.. [начальнік] з рук Паранькі паперы і, як бы для адчэпнага, піша — выдаць два рулоны. Во, колькі адваліў! Ракітны.

3. ад чаго і без дап. Адысці, адплысці, адляцець (пра судна, самалёт і пад.). Параход плаўна адваліў ад прыстані. Даніленка. Нарэшце пікіроўшчыкі адвалілі. Я думаў, што на палянцы сапраўды не асталося нічога жывога. Сабаленка. // Адысці, паменшаць колькасна, разысціся. У паўзе, калі пакупнікі адвалілі, Аксана разгарнула ілюстраваны часопіс. Шамякін.

адва́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. адвальваць — адваліць (у 1 знач.).

адва́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адваліцца (у 1, 2 знач.).

2. Зал. да адвальваць.