Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

Вярнуць страчанае цяпло, нармальны стан. Была восень, абодва [Аляксей з таварышам] у трасучым кузаве намерзліся так, што пасля маці таварыша ніяк не магла адагрэць іх чаем. Мележ. // перан. Чуласцю, ласкай супакоіць, суцешыць. Цёплая рука жанчыны адагрэла, растапіла застыглыя камяком пад горлам боль і слёзы, і яны прарваліся. Галавач.

ададзьму́ць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; зак., што.

Дзьмучы, аддаліць, перамясціць што‑н.

ададра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ададраць.

ададра́цца, аддзярэцца; зак.

Аддзяліцца ад чаго‑н., адарвацца.

ададра́ць, аддзяру, аддзярэш, аддзярэ; аддзяром, аддзераце; зак., што.

Аддзяліць што‑н. раней прымацаванае; адарваць. Ададраць дранку. Ададраць кару. □ [Нявада] ададраў дошкі ад куткавога акна ў дварэ, улез праз акно ў хату і адчыніў сенцы. Чорны.

ада́жыо,

Спец.

1. прысл. Ціха, павольна (аб тэмпе выканання музычнага твора).

2. нескл., н. Музычны твор або частка яго ў павольным тэмпе.

[Іт. adagio.]

адазва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. адазваць (у 2 знач.).

адазва́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адазваць.

адазва́цца, адзавуся, адзавешся, адзавецца; адзавёмся, адзавяцеся; зак.

1. Адказаць на кліч, адгукнуцца. — Ці ты помніш той бор, Дзе я клікаў цябе, А ты моўчкі пайшла, Адазвацца, хоць блізка была, Не змагла? Куляшоў. Сеўшы ў човен хісткі, Я ізноў гукаю: — Дзе ты? Адзавіся! Я даўно шукаю. Гілевіч. // перан.; на што і без дап. Аднесціся спачувальна да чаго‑н.; адказаць якім‑н. пачуццём на што‑н. Адазвацца на заклік. Адазвацца на просьбу. □ Сэрца яго [Мікалая] адазвалася радасным стукам. Дамашэвіч.

2. Падаць голас, абазвацца. Патапчык ехаў сабе наперадзе і нават ні разу не адазваўся. Чарнышэвіч.

3. Прагучаць у адказ на які‑н. гук, удар. Ледзь чутным трымценнем яму [матору] адазвалася ў вокнах шыбы. Карпаў. // Адбіцца (пра гукі). Уздоўж ракі імклівым віхрам пракацілася рэха і адазвалася недзе далёка ў лесе. Кулакоўскі.

4. чым, у кім-чым. Выклікаць сабою якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад. Смерць Хвядоса Шынклера адазвалася вялікім болем у сэрцах тых, хто асабіста ведаў яго, хто быў звязаны з ім ніцямі дружбы. Арабей.

5. Выказаць сваю думку аб кім‑, чым‑н., даць ацэнку каму‑, чаму‑н. Мікола, каб неяк выклікаць юнака на шчырую гутарку, сам пачаў расказваць пра сябе. Пра сваю працу, пра сваю вышэйшую адукацыю, аб якой, магчыма, знарок адазваўся зняважліва, — гэта і запомніў Вадзім. Гаўрылкін.

6. Даць сябе адчуць, выявіцца. Адчувала.. [Люба] сябе, як разарваная на кавалкі.. Вельмі можа быць, што гэта адазвалася спрацаванасць. Чорны. [Паўлінка:] Памагаў [бацька], пакуль не ўбачыў, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхецкая фанабэрыя. Купала.

адазва́ць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; ‑завём, ‑завяце; зак., каго-што.

Тое, што і адклікаць.