самалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які вылучаецца сваім самалюбствам. Жанчына настойлівая і самалюбівая, Ліда ні ў якім разе не хацела здавацца. Васілевіч. Самалюбівы, аматар усякіх маланебяспечных, але гучных спраў, .. [Шуст] заўсёды кідаўся туды, дзе можна было раптам бліснуць перад камандаваннем. Шчарбатаў. // Які сведчыць пра вялікае самалюбства, выкліканы ім. Самалюбівыя думкі.
самалю́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
Жан. да самалюб.
самалю́бнасць, ‑і, ж.
Тое, што і самалюбства. Ісці дзе-небудзь у сярэдзіне не дазваляла.. [Ермакову] самалюбнасць. Мележ.
самалю́бны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і самалюбівы. Змяніўся чалавек з часу вайны — самалюбны стаў, упарты. Хадкевіч.
самалю́бства, ‑а, н.
Пачуццё ўласнай годнасці, якое звычайна спалучаецца з раўнівымі адносінамі да думкі пра сябе іншых людзей. Мужчынскае самалюбства. □ А цяпер.. [Платон], бадай, з аднаго самалюбства, хацеў давесці, што і ў яго галава не так сабе на плячах. Ракітны. З-за самалюбства, баючыся, каб не стаць смешным, Кузьма таіў сваю рэўнасць, нічым не выказаў яе нават Веры. Дуброўскі. // Нястрымная прага да славы. Хворае самалюбства нараджала хворыя думкі... Машара.
самалячэ́нне, ‑я, н.
Лячэнне самога сябе, без дапамогі ўрача.
самамабіліза́цыя, ‑і, ж.
Мабілізацыя самога (саміх) сябе; праяўленне гатоўнасці да чаго‑н. Самамабілізацыя калектыву на датэрміновае выкананне планавых заданняў.
самамаса́ж, ‑у, м.
Расціранне, размінанне самім свайго цела з лячэбнымі або касметычнымі мэтамі. Прыёмы самамасажу. Рабіць самамасаж.
самамаскіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Маскіроўка сябе з мэтай зрабіцца, стаць непрыкметным для іншых. Самамаскіроўка ворага. // перан. Імкненне паказаць сябе не такім, як ёсць. Яго самамаскіроўка была відаць для ўсіх.