Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адыхо́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць адыходлівага.

адыхо́длівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны хутка забываць крыўду, супакойвацца пасля гневу, злосці. Адыходлівае сэрца. □ Бацька ў злосці быў чалавек не зацяты — наадварот, вельмі адыходлівы. Сабаленка. Працаваць трэба было разам, ды Шаліма і не ўмеў доўга трымаць злосці, быў на дзіва адыходлівы. Асіпенка.

адыхо́днае, ‑ага, н.

Тое, што робіцца на адыход самым апошнім.

адыхо́дная, ‑ай, ж.

Малітва, якую чытаюць над тым, хто памірае. // перан. Выкліканая адыходам; развітальная. Ужо даўно вызвоньвае адыходную зіме наша калгаснае кузня. Брыль.

адыхо́днік, ‑а, м.

Селянін, які часова ідзе з вёскі на пабочныя заработкі. [Антон:] — Людзей многа прыбавілася ў вёсцы, розныя адыходнікі дадому вярнуліся. Рылько.

адыхо́дніцтва, ‑а, н.

Часовы адыход сялян з вёскі на пабочныя заработкі. Працаваць на адыходніцтве.

адыхо́дны, ‑ая, ‑ае.

Які звязаны з адыходам (у 1 знач.). Пачаўся славуты адыходны рэйд атрада далёка на поўнач. Брыль.

•••

Адыходны промысел гл. промысел.

адыхо́ды, ‑аў; адз. адыход, ‑у, М ‑дзе, м.

Тое, што і адходы.

ады́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае дачыненне да оды, уласцівы одзе. Адычны стыль.

адэкало́н, ‑у, м.

Спіртавы раствор розных пахучых рэчываў, вядомы як асвяжальны гігіенічны сродак. Асвяжыцца адэкалонам.

[Фр. eau de Cologne — «кёльнская вада».]