Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адынамі́я, ‑і, ж.

Рэзкі заняпад сіл.

[Грэч. — adynamía — бяссілле.]

адысе́я, ‑і, ж.

Кніжн. Блуканні і падарожжы, звязаныя з рознымі перашкодамі і прыгодамі; апавяданне пра гэтыя прыгоды. Неяк здарылася так, што закончыўшы сваю паўночную адысею і прыехаўшы ў Мінск, не бачыліся мы са «старым» даволі доўгі час. М. Стральцоў.

ады́стар, прысл.

Уст. Якраз як, кропля ў кроплю. Сын адыстар бацька.

[Ад лац. adinstar — падобна.]

адысці́, адыду, адыдзеш, адыдзе; пр. адышоў, ‑шла, ‑шло; заг. адыдзі; зак.

1. Пакінуць ранейшае месца; ідучы, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Ілька адышоў ад вогнішча на ўзгорак. Каваль. Прабіраючыся праз заросшае кустамі балота, Палазок адышоў далёка ўправа і згубіў сяброў. Колас. // Разм. Пайсці, адправіцца куды‑н. Дзеці адышлі ў майстэрню і моўчкі селі за кравецкім сталом. Пестрак. // Адправіцца з месца стаянкі па свайму маршруту. Аўтобус ужо даўно адышоў, а.. [дзяўчына] усё ніяк не магла скрануцца з месца. Астрэйка. // Перайсці жыць у новае месца, пакінуўшы хату, родных; аддзяліцца. І рад бы быў стары Верамейчык, каб сын адышоў куды-небудзь з хаты.. Але, як відаць, нікуды не думае адыходзіць Юзік. Крапіва. // Перамясціцца, аддаліцца (пра падзеі, з’явы прыроды і пад.). Ваенная хваля адышла на захад і ў горадзе паспакайнела. Чорны. Сонца даўно адышло за небасхіл. Галавач. // перан. Падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. Сын не далёка адышоў ад бацькі. // Пакінуць свае ранейшыя пазіцыі; адступіць. Казакі зняліся з пазіцыі і адышлі за Нёман. Брыль.

2. перан. Перастаць займацца якой‑н. справай, пакінуць ранейшы занятак. Адысці ад літаратуры. // Адхіліцца ад ранейшага напрамку ў рабоце, гутарцы, разважаннях і пад. Адысці ад тэмы размовы. □ Мастацкая праўда дыктавала пісьменніку [Петрусю Броўку] задачу дзейнічаць не па шаблону, можна нават сказаць, павярнуць трошачкі стырно, адысці ад логікі завяршэння вобраза героя. Кучар. // Парваць сувязь з кім‑, чым‑н.; зрабіцца далёкім, чужым для каго‑, чаго‑н. Ад людзей адбіўся Габрусь. Ад жыцця агульнага, таварыскага адышоў. Шынклер.

3. Адстаць, аддзяліцца, перастаць шчыльна прылягаць да чаго‑н. Завесы адышлі. □ Нарэшце камень павярнуўся і адышоў ад сцяны. Арабей.

4. Дайсці да звычайнага, нармальнага стану; перастаць хварэць, адчуваць недамаганне. Малая ўжо за гэты час адышла, адужала. Васілевіч. З якой дарогі ні вяртаўся б Ваўчок якія б клопаты яго ні турбавалі, ён ведаў, што дома адыдзе, адпачне, збярэцца з думкамі і сіламі. Хадкевіч. // Зрабіцца зноў адчувальным, рухомым (аб змерзлых, здранцвелых частках цела). Рукі сагрэліся і адышлі. □ — Нідзе так асабліва і не баліць, — удзячна адказаў Даніла, — калені толькі нібы мурашкі пакусваюць, але дарма, адыдуць, — калі.. патру.. рукамі. Кулакоўскі. // Супакоіцца, прыйсці ў сябе пасля зведанага перапалоху, гневу, хвалявання і пад. Юрка ўжо адышоў ад разгубленасці. Брыль. У вачах Каралёва былі зларадныя агеньчыкі, а Дрозд яшчэ не адышоў ад перапуду. Карпюк. // Дайсці да ранейшага стану; адтаць, адагрэцца, ажыць (пра глебу, расліны і пад.). Зямля адышла. □ Дрэвы ў дзедавым садку ў вайну абгарэлі, але за гэты час некаторыя з іх адышлі, дзед пасадзіў некалькі новых яблынь. Грамовіч.

5. Перайсці ва ўласнасць каго‑н. другога. Цяпер сэрца старога радуецца: не толькі сенажаць, але і панскае поле за рэчкай і па гэты бок адышло круплянскаму калгасу. Сабаленка.

6. Закончыцца, мінуць. Абед адышоў. Жніво адышло. □ Будзем жыць мы без панскай апёкі. Адышла, адцвіла іх пара. І панам не вярнуцца. Колас. // Перастаць існаваць зрабіцца гісторыяй, мінуўшчынай, легендай. Тых часін, што адышлі ў туманы, засталіся сведкамі курганы. А. Вольскі. // Памерці. Я ўспомніў маё знаёмства з Міхаілам Міхайлавічам [Прышвіным] .. і думаў, што добра вось так: зрабіць усё што мог і адысці. Брыль.

7. Зак. да адыходзіць (у 2 знач.).

8. Разм. Перастаць дакучаць, турбаваць. [Міхал] ірвануў.. [Зосю] за руку: — Адыдзі! Чорны.

•••

Адысці на задні (на другі план) — страціць актуальнасць, стаць другарадным.

Адысці ў нябыт (у мінулае) — не астацца ў памяці людзей.

адысці́ся, адыдуся, адыдзешся, адыдзецца; пр. адышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. адыдзіся; зак.

Ідучы, аддаліцца ад якога‑н. месца. Лявонка пачаў збіраць ягады і не заўважыў, як адышоўся ў бок ад статка. Шуцько. Стары паказаў мне месца, дзе сесці, а сам адышоўся крокаў за дваццаць і таксама сеў. Ляўданскі. // Перамясціцца, аддаліцца (аб падзеях, з’явах прыроды і пад.). За дзень вайна адышлася далёка наперад. Чорны. // перан. Прайсці новы этап, падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. [Лабановічу] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.

адыхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адыходзіць — адысці (у 1, 2 і 6 знач.). // Адбыццё, адпраўленне. Заставалася шмат часу да адыходу поезда. Колас.

2. Тое, што і адходы.

•••

На адыход, на адыходзе — перад тым, як пайсці, пакінуць каго‑н.; на развітанне.

адыхо́дак, ‑дку, м.

У выразе: на адыходак — тое, што і на адыход (гл. адыход). Неўзабаве ўсе разышліся, толькі некалькі мужчын і хлапцоў спынілася на вуліцы закурваць на адыходак. Чорны.

адыхо́дзіны, ‑дзін; адз. няма.

У выразе: на адыходзіны — тое, што і на адыход (гл. адыход).

адыхо́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца.

Незак. да адысціся.

адыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да адысці (у 1–6 знач.).

2. Адступаць, змяняць сваё месцазнаходжанне. Каналы збяруць стаячыя балотныя завадзі, .. будзе наступаць чалавек, .. будзе адыходзіць вялікае балота. Самуйлёнак. // Адгаліноўвацца, вылучацца з чаго‑н. агульнага, асноўнага. Дзедаў стажок, вазоў на пяць, стаяў непадалёку ад сядзібы ўскрай балота, ад якога адыходзіла густая бародка нізкарослага хмызу. Колас. Чатыры .. вуліцы, нібы пучок промняў, адыходзілі ад саду. Шамякін.

•••

Што яму (ён, ім) адыходзіць — гэта яму (ёй, ім) не цяжка, гэта для яго (яе, іх) самая дробязь.