Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адшы́цца, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.

Разм. Скончыць шыць, пакінуць шыць.

адшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.

1. Адрабіць шыццём.

2. і без дап. Скончыць шыць.

3. Разм., каго. Адахвоціць, адбіць ахвоту наведваць каго‑н.; пазбавіцца ад каго‑н. Славік ламаў галаву, якім чынам адшыць Тараса і хоць на кароткі час застацца з .. [Мамай] з вока на вока. Шамякін.

адыге́ец,

гл. адыгейцы.

адыге́йка,

гл. адыгейцы.

адыге́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да адыгейцаў.

адыге́йцы, ‑аў; адз. адыгеец, ‑гейца, м.; адыгейка, ‑і, ДМ ‑гейцы; мн. адыгейкі, ‑геек; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Адыгейскай аўтаномнай вобласці.

адыгра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адыграць.

адыгра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Іграючы, вярнуць прайгранае; тое, што і адыграць (у 1 знач.). Хто прайграў, таму хацелася адыграцца і яшчэ зарабіць. Колас.

2. перан. Разм. Умела выйсці з няёмкага становішча, не астацца ў даўгу, спагнаць. [Іваніцкі] уступіў у спрэчку, думаючы адыграцца тут, пасля спрэчкі з Ігнасём. Мурашка. // Спагнаць злосць на кім‑н. [Роб:] — Вы хацелі адыграцца на нас — але не ўдалося! Гамолка.

адыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Іграючы, вярнуць прайгранае. Ужо смерць рукі пацірае: — Не адыграеш, брат, да дня Свайго жыцця, кісета, люлькі, Свайго мушкета і каня. Танк.

2. і без дап. Разм. Кончыць іграць. Ён [музыка] тут успомніў родны край, І што не ў кожнай хаце адгасціў, І не на ўсіх хрысцінах пабываў, І не на ўсіх вяселлях адыграў. Танк.

•••

Адыграць ролю — мець значэнне, аказаць уздзеянне.

ады́грывацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адыграцца.

2. Зал. да адыгрываць.