Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адшчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.

1. Адкалоцца, аддзяліцца. Трэска лёгка адшчапілася.

2. перан. Адысці, адступіцца ад каго‑, чаго‑н. [Пракоп].. чужы для ўсіх, лішні. Адшчапіўся ад грамады, ад сям’і, як пень тырчыць на іх дарозе. Колас. Перад.. [Кавалёвай] сядзеў Іван Лазоўскі і пераконваў, што з дачкою Лідай жыць не можа, раздзяліліся, а адшчапіцца няма куды. Дуброўскі.

3. Адкрыцца (пра кручок, зашчапку).

4. Адшпіліцца (пра што‑н. прышпіленае, зашпіленае). Адшчапіўся значок.

адшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Адкалоць, аддзяліць (трэску, лучыну). Толькі ў Мажэйкі куля адшчапіла ў аўтамаце кавалак прыклада, а ў Салаўёва быў прастрэлены рукаў. Шахавец. Маланка адшчапіла .. ніжнюю галіну, і яна павісла ўздоўж камля. Шамякін.

2. Адкрыць, адкінуць (кручок, зашчапку). [Мужчына] адшчапіў кручкі, піхнуў на двор абедзве рамы акна і высадзіў, ледзь не пад дождж, сваю лысіну. Брыль. Ігнась адшчапіў і ўважна агледзеў цёмныя сенцы без столі. Мурашка.

3. Адшпіліць, зняць прышчэпленае. Дзямід Сыч падышоў да Шайтана і адшчапіў карабін. Паслядовіч.

адшчапля́цца, ‑ляецца; незак.

1. Незак. да адшчапіцца.

2. Зал. да адшчапляць.

адшчапля́ць, ‑ляю, ‑ляеш, ‑ляе.

Незак. да адшчапіць.

адшчы́квацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адшчыкнуцца.

2. Зал. да адшчыкваць.

адшчы́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адшчыкнуць.

адшчыкну́цца, ‑нецца; зак.

Разм. Адарвацца ў выніку шчыпка. Ліст адшчыкнуўся і застаўся ў руцэ.

адшчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і чаго.

Разм. Адарваць шчыпком, адшчыпнуць. Таццяна не ўцерпела, адшчыкнула адзін пялёстак, паспытала яго. Марціновіч.

адшчы́пвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адшчыпваць.

адшчы́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адшчыпнуць.