адштурхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Упёршыся ў што‑н., штуршком адсунуцца, аддзяліцца ад чаго‑н. [Прафесар] лёгенька адштурхнуўся кончыкамі пальцаў ад дна, варухнуў плячыма, падняўся і паплыў. Галавач. // перан. Узяць што‑н. за зыходны, адпраўны пункт (у сваіх разважаннях, рабоце і пад.).
адштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце, зак., каго-што.
1. Штурхнуць ад сябе, адсунуць штуршком. [Ядвіся] раптоўна абхапіла рукамі яго шчокі і, умомант прыблізіўшы яго галаву, пацалавала, а потым з сілаю адштурхнула яго і кінулася за дзверы. Колас.
2. перан. Парваць сувязь, блізкія адносіны з кім‑н., аддаліць ад сябе, праявіўшы раўнадушнасць, халоднасць. Прыязнасць да Паходні ў Янукевіча была і цяпер, ён лічыў яго сваім выхаванцам, не верыў у плёткі І паклёпы і не хацеў адштурхнуць ад сябе. Хадкевіч. // Выглядам, паводзінамі выклікаць непрыязнасць, агіду. У гэтым прызнанні было столькі нявіннай прастаты, шчырай даверлівасць, што такая вестка мяне не толькі не адштурхнула, а зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай. Карпюк.
адштурхо́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адштурхнуцца.
2. Пад уздзеяннем узаемнага штуршка аддаляцца адзін ад другога.
3. Зал. да адштурхоўваць.
адштурхо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адштурхнуць.
адшуга́ць, ‑ае; зак.
Перастаць шугаць. Полымя адшугала. □ Не вярнуцца больш горкай бядзе — Навальніцы, вятры адшугалі... Васілёк.
адшука́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адшукаць.
адшука́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адшукаць.
адшука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Знайсціся, аб’явіцца. Дзеці пражылі разам восем год. Потым адшукалася маці Чэрскай. Галавач.
адшука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Знайсці, выявіць у выніку пошукаў, намаганняў. Яша з дапамогай людзей адшукаў сякіх-такіх родзічаў, але жыў у іх толькі да канца зімы. Кулакоўскі. Ідуць гідролагаў атрады Даўніх рэчышч адшукаць сляды. Звонак.
адшу́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адшукваць — адшукаць.