Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адпускны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да водпуску. Адпускны месяц. Адпускны білет.

2. у знач. наз. адпускны́я, ‑ых. Зарплата за водпуск. Атрымаць адпускныя.

•••

Адпускная цана гл. цана.

адпусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабнуць, зрабіцца менш нацягнутым, заціснутым. Гайкі адпусціліся. Супоня адпусцілася. □ Грузавік — відаць, у ім адпусціліся тармазы — заднім ходам павольна коціцца ўніз да рэчкі. Хомчанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць гарт ад награвання (пра металічныя рэчы, вырабы).

3. перан. Палагаднець, змякчыцца; стаць больш згаворлівым. [Люба:] Родная матка не мачыха: пазлуе і адпусціцца. Козел.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уст. Зняцца, даравацца (пра грэх, віну і пад.). Гісторыяй асуджаны паны; Ім не адпусціцца віна — Прыпомніцца ім здзек... Колас.

адпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Дазволіць каму‑н. пайсці, паехаць ці адлучыцца. Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол. Якімовіч. У пачатку вёскі Салаўёў адпусціў машыну.. і пайшоў далей пехатою. Шахавец. // Абслужыўшы, задаволіўшы чые‑н. патрэбы, даць магчымасць пайсці. Доўга давялося чакаць, пакуль Нічыпар адпусціць пакупнікоў. Б. Стральцоў. // Даць мажлівасць пайсці на новую працу, вучобу і пад. [Сазон:] — Конюхам пастанавілі прызначыць Карэньку, а.. [Кліма] адпусцілі ў леснікі. Ермаловіч.

2. каго. Даць каму‑н. свабоду, выпусціць з няволі. Адпусціць затрыманага. □ [Таццяна:] Дайце слова, Што вы адпусціце мяне на волю, І скажу вам праўду. Глебка. // За паншчынай — вызваліць ад прыгоннай залежнасці, даць адпускную, вольную. Адпусціць прыгоннага на волю.

3. Перастаць стрымліваць, сціскаць; выпусціць з рук. Міцька неахвотна адпусціў пальцы, вызваліў .. [Храпкевічаў] каўнер. Шамякін. Галінка, якую адпусціў.. Казак, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк. — Ага, папаўся! — дзед схапіў Язэпа за вуха. Язэп адпусціў падол, і соль пасыпалася на зямлю. Асіпенка. // што. Зрабіць менш нацягнутым, паслабіць. Адпусціць папружку. Адпусціць тармазы. □ Вайтовіч адпусціў трошкі вальней сырамятныя лейцы. Пальчэўскі. // Разм. Зменшыцца, сціхнуць, перастаць мучыць каго‑н. (пра хваробу, болі, пачуцці). [Кірдун:] — Божа ж мой. А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць?! Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Караткевіч. // Аслабець, памякчэць, паменшыцца (пра надвор’е). Мароз адпусціў. / у безас. ужыв. З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок. Грахоўскі.

4. што. Выдаць пэўную колькасць чаго‑н., прадаць. Адпусціць тавары са склада. // Назначыць, выдзеліць пэўныя сродкі для якой‑н. мэты, асігнаваць. Адпусціць сродкі на капітальнае будаўніцтва. // Вызначыць пэўны тэрмін. Адпусціць тры дні на вяселле.

5. што. Адгадаваць (валасы, ногці і пад.). Адпусціць бараду.

6. Уст. Дараваць (віну, грахі, доўг і пад.).

7. што. Сказаць што‑н. вострае, нечаканае або недарэчнае. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі [паўскоквалі] з месца. Колас.

8. Спец. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт.

•••

Адпусціць душу на пакаянне (жарт.) — адпусціць, не чапаць.

адпу́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адпусціць.

адпушчэ́нне, ‑я, н.

Уст. Дараванне грахоў, віны і пад. Адпушчэнне грахоў.

•••

Казёл адпушчэння гл. казёл.

адпы́рскваць, ‑ае; незак.

Адбіваць, адлюстроўваць што‑н. ад якой‑н. паверхні. Сонца ўжо было не відаць. Толькі макаўкі ліп і каштанаў заліты яго развітальным святлом, а шкляныя чарапічыны-акенцы дахаў, павернутых на захад, адпырсквалі, нібы гуляючы люстэркам, промні. Брыль.

адпы́рхвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Аддзімаючыся носам, ротам, адганяць ваду. [Чалавек] капаецца, нібы цюлень, у марской пене, спакойна, нават абыякава адпырхваецца ад салёнай вады. Брыль.

адпява́нне, ‑я, н.

Царкоўны абрад, які выконваецца над нябожчыкам перад пахаваннем. А бацюшка параіў з’ездзіць у другі прыход, калі [Андрэй] хоча, каб хлопчык з адпяваннем быў пахаваны. Чарот.

адпява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

Спраўляць над нябожчыкам абрад адпявання. Калі пакідаў свет музыка, Яго на стале адпявалі. Танк.

адпяка́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адпячыся.

2. Зал. да адпякаць.