Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адча́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць адчайнага.

адча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны адчаю, адчайнасці; роспачны. — Мама! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка.

2. Рашучы, адважны, безразважны; небяспечны, рызыкоўны, дзёрзкі. [Пятра] апанавала неразумная адчайная адвага. Шамякін. Адчайная думка застраміла кухару мазгі, і ён паманіў князёвага ката выстаўленымі пальцамі. Гарэцкі.

адчака́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адчаканіць.

адчака́ніцца, ‑віцца; зак.

1. Стаць гатовым, атрымацца ў выніку чаканні.

2. перан. Выразна вырысавацца. На сцяне адчаканіліся вокны.

адчака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

1. Вырабіць шляхам чаканні. Адчаканіць медаль. Адчаканіць надпіс.

2. і без дап. Вымавіць раздзельна і выразна. «Я сказаў, што вядзе гэтым разам Ячны. Усё, можаш ісці», — адчаканіў пан Шпэк. Брыль. Скрозь пару.. [Разкюхайлін] уставіў свае круглыя вочы на Стафанковіча і густым басам адчаканіў: — Можа сказаць, жывём і хлеб жуём, мірна дні свае дажываем. Чорны.

адчака́ньвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адчаканьваць.

адчака́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адчаканіць.

адча́л, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адчальваць — адчаліць.

адча́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што. Адвязаць прычал.

2. Адплысці ад берага (аб суднах, лодках і пад.). Воддаль, выбраўшы момант, каб не замінаць руху буксіраў, ад берага адчаліў паром з калгасным грузавіком. Ракітны. // перан. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. [Марынка:] — Ты думаеш, я намерваюся доўга заставацца тут? Заўтра ж адчалю ў Мінск. Хадкевіч. У горадзе Камені жыла .. родная сястра [Басько] — доктар, і ён адчаліў туды, Дзе не так даўно, як было чуць у вёсцы, яны сумесна купілі дом. Ермаловіч.

адча́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адчальваць — адчаліць.