адука́цыя, ‑і, ж.
1. Навучанне, асвета. Грамадзяне СССР маюць права на адукацыю.
2. звычайна з азначэннем. Сукупнасць ведаў, набытых у выніку навучання. Вышэйшая, спецыяльная, сярэдняя адукацыя. □ Бацька Казіміра, Адам Рэклайціс, юрыст па адукацыі, уласнік трохсот дзесяцін зямлі разам з лесам, удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Пестрак.
аду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Падумаўшы і зразумеўшы няправільнасць сваіх паводзін, намераў і пад., адмовіцца ад іх, змяніць іх. Ды адумалася Чапля, Што дарма за Жураўля, За балотнага суседа, Яна замуж не пайшла. Танк.
2. Разм. Выйсці з задуменнасці, усвядоміць што‑н. (пасля чаго‑н. нечаканага, раптоўнага); апамятацца, схамянуцца; сабрацца з думкамі. Сашка падышоў да самага таго стала, дае быццам быў прэзідыум. І ўжо сеўшы, ён адумаўся, што тут жа яго ніхто не ведае. Чорны.
аду́мвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адумацца.
аду́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адурыць.
аду́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адурваць — адурыць.
аду́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адурыць.
адурма́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адурманіць.
адурма́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
1. Паддацца дурману, ап’яніць сябе.
2. перан. Затлуміць сабе галаву, атруціць сваю свядомасць памылковымі ўяўленнямі.
адурма́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Затуманіць чыю‑н. свядомасць; ап’яніць. У твар дыхнула водарам вясны. І адурманіў сіні хмель лясны. Бураўкін.
2. перан. Зацямніць, атруціць свядомасць шкоднымі ідэямі, памылковымі ўяўленнямі.
3. перан. Ашукаць.