адува́нчык, ‑а, м.
Расліна сямейства складанакветкавых са сцяблом з малочным сокам, жоўтымі кветкамі і пушыстым семем, якое разносіцца ветрам. Каля дарогі раслі адуванчыкі. □ Чатыры леты Прабеглі над бяляваю галоўкай, Якая, быццам спелы адуванчык, Качаецца пад ветрам вольных песень. Караткевіч.
аду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. аду́жай зак., каго-што.
1. Падужаць, перамагчы, адолець, узяць верх над кім‑, чым‑н.; справіцца з кім‑, чым‑н. Пачуў [Васіль], як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Мележ. Што нам мяцеліца, Вецер і сцюжа? Што маладосць нашу Зможа адужаць? А. Александровіч. // Авалодаць якім‑н. рамяством, умельствам. [Дзед:] — Малады яшчэ ты дужа падымаць у кузні молат. Рамяство маё адужаць — гэта іншая размова. Дубоўка.
2. Змагчы, здолець. Конь такі, што гадай, ці адужае прывалачы столькі лесу. Мележ. [Гіляр:] — Я згодзен ісці пехатой да самых Бацяновіч і несці на сябе столькі арэхаў, колькі адужаю, абы ў нас сталася так, як тут. Дубоўка.
адужа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; заг. адужа́й; зак.
Набрацца сілы; ачуняць пасля хваробы. Мы адлятаць гатовы ў родны край, Туды, дзе адужалі нашы крылы. Барадулін. Каб адужалі дрэўцы, Каб цешыліся сэрцы, Калі там зашуміць здалёк Зялёны хвойнік ці гаёк. Лужанін. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок. Кулакоўскі.
аду́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адужаць.
адужэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў дужэйшы; які паправіўся пасля хваробы.
адужэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. Тое, што і адужа́ць.
2. перан. Палепшыць сваё маёмаснае становішча. [Сцяпан і Волька] пачалі будаваць гэту маленькую хатку, спадзеючыся, што, як адужэюць, паставяць новую, прасторную і светлую. Скрыган.
адукава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць адукаванага, ступень адукацыі; вучонасць. [Яша] стаў вучыцца, але пачынаць прыйшлося з другога класа, бо як ні стараўся хлапец паказаць сваю партызанскую адукаванасць, на большае не выцягнуў. Кулакоўскі.
адукава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад адукаваць.
2. у знач. прым. Які атрымаў шырокую адукацыю, мае рознабаковыя веды. [Янка] вучыўся ў беларускай гімназіі, і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам. Брыль. // Інтэлігентны, культурны, выхаваны. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас.
адукава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.
Набыць адукацыю, прайсці выхаванне.
адукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго.
Даць каму‑н. адукацыю, выхаванне; навучыць. [Кузьма:] — Настачка, якая ты цяпер харошая! Адукаваць цябе, што гэта будзе за жонка! Колас.
адукацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да адукацыі. Адукацыйная справа. Адукацыйны ўзровень.
•••
Адукацыйны цэнз гл. цэнз.