Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адкрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адкрыцца.

2. Зак. да адкрываць.

адкрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адкрыць.

адкры́тасць, ‑і, ж.

Шчырасць, праўдзівасць, даверлівасць. За бабчыну адкрытасць і шчырасць Аўгіня ад радаснай весці не магла стрымацца, каб не адказаць тым жа. Колас. Галене.. [доктар] здаўся цікавым і сімпатычным за гэтую сваю адкрытасць. Чорны.

адкры́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Паштовая картка для адкрытага пісьма; паштоўка. // Фатаграфічная картка такога ж памеру.

адкры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адкрыць. Свет Новы, адкрыты Калумбам, Завецца ўжо светам старым, Са дня, калі стрэл з «Аўроры» Пачуўся краінам усім. Куляшоў.

2. у знач. прым. Нічым не адгароджаны, не заслонены, свабодны для агляду. Адкрытая мясцовасць. Адкрыты бераг. Адкрытая пазіцыя. // Нікім не абаронены, даступны для ворага. Адкрыты фланг.

3. у знач. прым. Нічым не прыкрыты, аголены. Хадзіць з адкрытай галавой. Смажыць на адкрытым агні. Адкрытая рана. Адкрыты пералом. // Без покрыву зверху, з бакоў. Адкрытая машына. Адкрытая сцэна. // З вялікім выразам. Адкрытае плацце. Адкрытыя туфлі. // Не падземны; з агаленнем пласта. Адкрыты спосаб здабычы каменнага вугалю.

4. у знач. прым. Тое, што і разгорнуты (у 4 знач.). Адкрытая кніга. □ Важаты паглядзеў на адкрыты лісток настольнага календара. Якімовіч.

5. у знач. прым. Пазбаўлены скрытнасці, шчыры. Загарэлы, абветраны твар капітана быў адкрыты, просты, выклікаў прыхільнасць сваімі правільнымі прыгожымі рысамі. Краўчанка. [Дзед] усміхаецца шчыраю, адкрытаю ўсмешкаю. Грахоўскі. // Не замаскіраваны, не тайны, яўны. Гэта быў першы выпадак адкрытай сутычкі Карызны з Зеленюком. Зарэцкі. Да Данусінай маці я адчуваў пашану: адкрытых ворагаў я паважаў. Карпюк. // Такі, які адбываецца пры людзях. Адкрытая размова.

6. у знач. прым. Даступны для ўсіх. Адкрыты партыйны сход. Адкрыты канцэрт. Адкрыты конкурс.

•••

Адкрытае галасаванне гл. галасаванне.

Адкрытае мора гл. мора.

Адкрытае пісьмо гл. пісьмо.

Адкрытае пытанне гл. пытанне.

Адкрыты рахунак гл. рахунак.

Адкрыты склад гл. склад.

Адкрыты урок гл. урок.

Абвясціць адкрытым што гл. абвясціць (у 2 знач.).

Адкрытая душа гл. душа.

Адкрыты лоб гл. лоб.

Адкрыты свет гл. свет.

Дзень адкрытых дзвярэй гл. дзень.

З адкрытай душой гл. душа.

З адкрытым сэрцам гл. сэрца.

Над адкрытым небам гл. неба.

адкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Аказацца адкрытым, адчыніцца. Пакой адкрыўся. // Рассунуцца, расхінуцца або падняцца ўверх. Згасла святло, і адкрылася заслона. Карпюк. Шлагбаум адкрыўся, і з-за насыпу вынырнула фурманка, аблепленая салдатамі, за ёй другая, трэцяя, чацвёртая. Дамашэвіч. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Так адкрыліся перад Янкам дзверы ў бібліятэку пана Сігізмунда Чаховіча. С. Александровіч. Каб справаю і славай парадніцца У гэты дзень братэрства і надзей, Не толькі што адкрылася граніца — Там сэрцы ўсе адкрыліся ў людзей. Панчанка.

2. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Нёман адкрыўся хлопцам урачыста ціхі, велічны. Брыль. [Аня і Саша] ўз’ехалі на ўзгорак, і позірку адкрылася ўся іх вёска ў зеляніне садоў. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім, хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ.

3. перан. Стаць зразумелым каму‑н. [Леанід Аляксеевіч:] — Сёння мы ўзняліся ўжо на такую вышыню, з якой ва ўсёй велічы адкрыліся перад намі ясныя далягляды нашай будучыні, імя якой — камунізм. Якімовіч. Мне зноў адкрылася, маю душу па-свойму ўразіла непаўторная беларуская прыгожасць, абаяльная сіла паэзіі — народнай і таму вялікай. Брыль. Для мяне адкрыўся свет мастацтва, а праз яго — шырокае эмацыянальнае пазнанне жыцця. Сяргейчык. // Стаць відным, даступным. Хто дакранаўся кнігі той з адкрытай, шчыраю душой.., Таму адкрыўся на зямлі Да камунізма шлях жыццёвы. Танк.

4. Расказаць пра сябе адкрыта, шчыра; прызнацца ў чым‑н. Толькі не было чалавека, якому Іван мог бы адкрыцца, з кім мог бы раздзяліць сваю тугу, свае дакоры сумлення. Новікаў. Пасля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны. Мне цяжка было ведаць, што не да канца я магу перад табою адкрыцца. Скрыган.

5. Пачаць сваё існаванне, дзейнасць (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Школа адкрылася. // Пачацца. Адкрылася падпіска на газеты. Адкрыўся тэатральны сезон. Адкрылася выстаўка. □ [Андрэй:] — Жонка да дня нараджэння купіла мне ў падарунак стрэльбу. Вісіць на сцяне, чакае, калі адкрыецца сезон на качак. Шахавец.

6. Перастаць зажываць, гаіцца; прарваць (пра рану). Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

•••

Вочы адкрыліся ў каго гл. вока.

адкрыццё, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. адкрыць.

2. Тое, што выяўлена, стала вядомым у выніку даследаванняў, пошукаў і пад. Навуковае адкрыццё. Найвялікшым дасягненнем навукі з’яўляецца адкрыццё атамнай энергіі. // Тое, што неспадзявана для каго‑н. устаноўлена, выяўлена, пазнана. Для Валі было адкрыццём, што Леанід піша вершы. Шахавец. І раптам зусім нечакана адкрыццё: майстар дакументаў побач — Іван Харытонавіч. Новікаў.

адкры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Тое, што і адчыніць. Адкрыць акно. Адкрыць шафу. □ Міхась адкрыў сундук і хутка знайшоў там, на дне, хімічны карандаш. Якімовіч. // Распячатаць, разарваць. Хвіліну.. [Маша] паглядала на канверт, не адважваючыся адкрыць, затым хутка разарвала яго і, нічога не гаворачы, упілася вачыма ў пісьмо. Мележ. // Адаткнуць што‑н., адкаркаваць. Адкрыць бутэльку. // Пакруціўшы, павярнуўшы кран, клапан і пад. пусціць у дзеянне што‑н. Адкрыць ваду. Адкрыць газ. // Расплюшчыць (пра вочы). — Што такое? Якое данясенне? — раптоўна адкрыў вочы Перапечкін і паспрабаваў падняць галаву. М. Ткачоў. // Агаліць, зняўшы што‑н. зверху. Стала горача, і Іван адкрыў галаву. Чарнышэвіч.

2. Даць шырокія магчымасці для развіцця чаго‑н. Ты [партыя] у людзі нас вывела, родная, Нам адкрыла прасторы жыцця. Непачаловіч.

3. Арганізаваць, стварыць што‑н. і абвясціць пра пачатак дзейнасці яго. Адкрыць завод. Адкрыць яслі.

4. Паслужыць пачаткам чаго‑н.; пачаць што‑н. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла новую эру ў гісторыі чалавецтва. Адкрыць тэатральны сезон.

5. Абвясціць пра пачатак пасяджэння, вечара і пад. Адкрыць сход. □ Усе з нецярплівасцю чакалі, калі дырэктар школы адкрые вечар і раскажа аб жыцці дзеда Ягора. Скрыпка.

6. Заўважыць, знайсці ў выніку экспедыцыі або навуковага даследавання нешта зусім новае або даўно забытае. Пры дапамозе мікраскопа былі адкрыты мікраарганізмы. □ Калі заўважыў Архімед Між з’яў цікавую прыкмету, Яе ён вывучыў як след — Адкрыў закон, вядомы свету. Непачаловіч. Калумб, караблі правёўшы Праз акіян свае, Адкрыў Амерыку, — Новым Назваўшы светам яе. Куляшоў. // Выявіць наяўнасць, існаванне чаго‑н. шляхам даследавання. Адкрыць радовішча алмазаў. □ [Дзянісаў:] — Палёт на Месяц — гэта выдатна! Ён дапаможа нашай навуцы адкрыць многа новага, пашырыць яе гарызонты. Гамолка.

7. Зрабіць вядомым тое, што доўгі час скрывалася, утойвалася, было невядомым; раскрыць. Адкрыць сакрэт. □ Адкрыла маці дачцэ сваю тайну, праўду аб тым, хто яе бацька. Колас. Вялікія справы, роўныя чалавечаму лёсу, кранулі.. [Марыну] і адкрылі перад яе маладой душой свае таямніцы. Чорны.

8. Заўважыць у кім‑, чым‑н. невядомыя да гэтага здольнасці, якасці. [Аркадзь:] — А я, брат, пад старасць раптам «адкрыў» у сабе талент. Васілевіч. Г.А. Ціхаў адкрыў здольнасць папараці выпраменьваць інфрачырвоныя прамені. Матрунёнак.

•••

Адкрыць агонь — ваенная каманда пачаць страляць.

Адкрыць лік — а) у спорце — атрымаць першае ачко ў сваю карысць; б) дамагчыся першага баявога трафея.

Адкрыць рахунак — а) пра ўкладчыка: зрабіць уклад у банк; б) пра банк: пачаць выдаваць грошы па рахунку.

Адкрыць Амерыку — сказаць, аб’явіць тое, што даўно вядома.

Адкрыць вочы каму — дапамагчы каму‑н. убачыць, уразумець праўду пра каго‑н., паказаць сутнасць каго‑, чаго‑н.

Адкрыць дзверы куды — даць свабодны доступ.

Адкрыць (раскрыць) душу (сэрца) — шчыра расказаць пра свае думкі, пачуцці каму‑н.

Адкрыць рот — пачаць гаварыць; выказвацца.

Адкрыць свет — зрабіць чыё‑н. жыццё радасным, шчаслівым.

Адкрыць сэрца — прызнацца ў каханні.

адкрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Крычучы, выказаць што‑н.; выкрычацца. Шыбянкоў адкрычаўся і сеў на месца. Зарэцкі.

адкрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што. Крычучы, выказаць што‑н. Як толькі.. [маці] адкрычала сваё і выйшла ў кухню, хлопцы, вядома, пачалі патроху штурхацца і хіхікаць. Брыль.

2. Перастаць крычаць, спыніць крык. Салаўі адпелі, зязюлі адкувалі, Адкрычаў сіваграк і ўдод. Куляшоў. // Спевам, крыкам абвясціць што‑н. Пеўні поўнач адкрычалі — Позні час. Колас.