адшкумата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Абы-як, не разбіраючыся, наспех ададраць. Потым.. [Іван] ад камбатавых новых летніх ануч адшкуматаў два белыя матузы. Няхай.
адшлёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. каго. Надаваць каму‑н. плескачоў. Бабуля толькі што адшлёпала.. [Дзіму] за патаптаныя на клумбе кветкі. Гарбук.
2. Прайсці якую‑н. адлегласць па гразі. Пятнаццаць кіламетраў адшлёпаў па бездаражы.
адшліфава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад адшліфаваць.
2. у знач. прым. Які мае гладкую, выгладжаную паверхню. Аня села на адшліфаваныя поручні сходкаў і з дзіцячым захапленнем з’ехала ўніз. Карпюк.
адшліфава́цца, ‑фуецца; зак.
Пад уздзеяннем чаго‑н. набыць гладкую паверхню. [Віктар:] — Па дарозе.. [камяні] або перацерліся ў пясок, або адшліфаваліся ў круглыя галачкі. Маўр.
адшліфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак., што.
1. Апрацаваць шляхам шліфавання. Адшліфаваць дэталь. // Зрабіць роўным, гладкім.
2. перан. Згладзіць шурпатасці мовы, стылю. Нічога, нічога, браце Брыль! — заспакойваў яго старшыня. — Дапамажы, браце, правесці нам работу ў асноўным, а ўжо дэталі адшліфуем мы самі. Колас.
адшліфо́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адшліфавацца.
2. Зал. да адшліфоўваць.
адшліфо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адшліфаваць.
адшліфо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адшліфоўваць — адшліфаваць.
адшмаргну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
Рэзкім рухам адвесці назад, убок (занавеску і пад.). Косця ўсхапіўся з ложка.., падышоў да акна, адшмаргнуў фіранкі — у пакоі скупа павіднела. Адамчык.
адшмата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Неакуратна адарваць, ададраць, адрэзаць. Напіхаў я сабе банак у кішэні. Хлеба адшматаў добры кавалак і таксама пайшоў на сваё месца. Гарэцкі.