Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адукава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць адукаванага, ступень адукацыі; вучонасць. [Яша] стаў вучыцца, але пачынаць прыйшлося з другога класа, бо як ні стараўся хлапец паказаць сваю партызанскую адукаванасць, на большае не выцягнуў. Кулакоўскі.

адукава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адукаваць.

2. у знач. прым. Які атрымаў шырокую адукацыю, мае рознабаковыя веды. [Янка] вучыўся ў беларускай гімназіі, і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам. Брыль. // Інтэлігентны, культурны, выхаваны. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас.

адукава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

Набыць адукацыю, прайсці выхаванне.

адукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго.

Даць каму‑н. адукацыю, выхаванне; навучыць. [Кузьма:] — Настачка, якая ты цяпер харошая! Адукаваць цябе, што гэта будзе за жонка! Колас.

адукацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да адукацыі. Адукацыйная справа. Адукацыйны ўзровень.

•••

Адукацыйны цэнз гл. цэнз.

адука́цыя, ‑і, ж.

1. Навучанне, асвета. Грамадзяне СССР маюць права на адукацыю.

2. звычайна з азначэннем. Сукупнасць ведаў, набытых у выніку навучання. Вышэйшая, спецыяльная, сярэдняя адукацыя. □ Бацька Казіміра, Адам Рэклайціс, юрыст па адукацыі, уласнік трохсот дзесяцін зямлі разам з лесам, удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Пестрак.

аду́м, ‑у, м.

Тое, што і одум.

аду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Падумаўшы і зразумеўшы няправільнасць сваіх паводзін, намераў і пад., адмовіцца ад іх, змяніць іх. Ды адумалася Чапля, Што дарма за Жураўля, За балотнага суседа, Яна замуж не пайшла. Танк.

2. Разм. Выйсці з задуменнасці, усвядоміць што‑н. (пасля чаго‑н. нечаканага, раптоўнага); апамятацца, схамянуцца; сабрацца з думкамі. Сашка падышоў да самага таго стала, дае быццам быў прэзідыум. І ўжо сеўшы, ён адумаўся, што тут жа яго ніхто не ведае. Чорны.

аду́мвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да адумацца.

аду́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адурыць.