Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адраджэ́нне, ‑я, н.

1. Абуджэнне да новага жыцця; аднаўленне пасля перыяду разбурэння, заняпаду і пад. Мікалай усёй сваёй істотай адчуваў вясенняе адраджэнне. Дамашэвіч. З другой паловы XIX стагоддзя амаль адначасова пачалося адраджэнне ўкраінскай і беларускай пісьменнасці ва ўмовах царскага самадзяржаўя і развіцця капіталістычных адносін. Юргелевіч. У кароткіх і простых словах расказаў Сцёпка сходу аб задачах эканамічнага адраджэння краіны. Колас. // Аднаўленне, адбудова чаго‑н. знішчанага, разбуранага. Пасляваеннае адраджэнне завода. □ А нам варта было б з зялёнага дрэва, як з лёгкай рукі, і пачынаць адраджэнне свайго калгаса. Кулакоўскі.

2. (з вялікай літары). Перыяд у культурным і ідэалагічным развіцці раду краін Еўропы, які наступіў пасля сярэдневяковага застою, з зараджэннем капіталістычных адносін, і адзначаны росквітам навук і мастацтваў; Рэнесанс. Простая беларуская сялянка нагадвала партрэты жанчын італьянскіх майстроў часоў Адраджэння. Бядуля.

адраджэ́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да адраджэння. Адраджэнскі рух. Адраджэнскія ідэі.

адрадзі́цца, ‑родзіцца; зак.

Стаць зноў жывым; аджыць. // Абудзіцца да новага жыцця; аднавіцца, паявіцца зноў. І адродзіцца, уваскрэсне Ціхая слава твая, Хірасіма. Дзяргай.

адрадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

Аднавіць пасля перыяду разбурэння, заняпаду, часовага знікнення; выклікаць уздым, росквіт чаго‑н. Адрадзіць прамысловасць, гаспадарку. Адрадзіць традыцыі. □ Тое, што.. [Наталля Пятроўна] так хвалюецца, адрадзіла ў Сяргея надзею, якая амаль ужо згасала. Шамякін. [Андрэй:] «Ты сваім лістом усхвалявала мяне да апошняга, адрадзіла ўсё, што было між намі». Пестрак.

адраза́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адрэзацца.

2. Зал. да адразаць.

адраза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адрэзаць.

адразны́, ‑ая, ‑ое.

1. Прыстасаваны для адразання, які адразаецца. Адразны талон.

2. Не суцэльны, прышыты. Адразная сукенка.

3. Прызначаны для адразання. Адразны станок.

адра́зу, прысл.

1. У той самы момант, неадкладна, зараз жа. Чытаць пачаў ён [Богут] і адразу Агнём успыхнуў яго твар. Колас. Маці, стомленая за дзень, адразу засынае. Бядуля. // Адначасова. Коннікі ўварваліся ў цэнтр мястэчка адразу з усіх пяці вуліц. Брыль. // Непасрэдна за чым‑н. (у прасторавых і часавых адносінах). Адразу за агароджай, што высілася побач з ліцейным цэхам, пачыналася поле. Шыцік. Завіхурыла адразу пасля каляд. М. Стральцоў.

2. За адзін раз, з першага разу. [Люсан:] — У сумцы змяшчалася вялікая акумулятарная батарэя, здольная аддаць адразу ўвесь.. зарад. Шамякін. [Апанас:] — Малады ты яшчэ, Зэнак. Як гэта ты адразу зробіш, каб усё было як мае быць... Чорны.

3. З самага пачатку, ад першага разу. Хлопец адразу не спадабаўся Мажэйку. Шахавец. Вялізны санаторый адразу здаўся Казанцаву сапраўдным лабірынтам. Васілевіч.

адраі́цца, ‑раіцца; зак.

Выдзеліцца з старога роя і стаць самастойным роем.

адра́іць, ‑ра́ю, ‑ра́іш, ‑ра́іць; заг. адра́й; зак.

Параіць не рабіць чаго‑н., адгаварыць ад чаго‑н. Ходзячы па палосках,.. [каморнік] паспрабаваў з адным, з другім пагаварыць, каб адраіць араць, але хутка.. безнадзейна махнуў рукой і пайшоў у вёску. Галавач. [Марына:] — Нашаму заводу былі прапанавалі выпускаць легкавыя машыны, аднаму цэху, ці што, але Арцём Паўлавіч адмовіўся. — Ці не ты адраіла? — усміхнуўся Андрэй. Шахавец.

адраі́ць, ‑раю́, ‑раі́ш, раі́ць; раі́м, ‑раіце́; зак.

Аддзяліць частку пчол для ўтварэння новага роя.