Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адка́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Чалавек, на якога ўскладаецца адказнасць; які нясе адказнасць за каго‑, што‑н. Адказны рэдактар. Адказны дзяжурны. / у знач. наз. адка́зны, ‑ага, м.; адка́зная, ‑ай, ж. Адказны за вечар. □ І кім жа яны, і чаму ж яны Так бязлітасна перагружаны? Не адказныя, не начальнікі, А пакутнікі-сумяшчальнікі. Крапіва. Адна з.. [жанчын], самая старэйшая ўзростам, Гарпіна, была вызначана адказнай за даенне і размеркаванне малака. Галавач. // Звязаны з разуменнем важнасці чаго‑н., гатоўнасці адказваць за каго‑, што‑н. Адказныя адносіны да справы.

2. Надзвычай важны, значны. Адказная работа. Адказная задача. Адказнае даручэнне. Адказная роля. Адказная пасада.

адка́зчык, ‑а, м.

1. Асоба, якой прад’яўлены судовы іск. Справа ў судзе разглядаецца пры ўдзеле істца і адказчыка.

2. Разм. Той, хто нясе адказнасць, адказвае за што‑н.

адка́зчыца, ‑ы, ж.

Жан. да адказчык.

адказыра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Прывітаць па-вайсковаму, прыклаўшы правую руку да казырка. — Камандзір партызанскай брыгады імя Шчорса слухае вас! — хвацка адказыраў Шуст. Шчарбатаў.

адказырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Прыкласці руку да казырка, аддаючы чэсць. [Дзяўчынка:] — Дзякуй, дзядзя міліцыянер... — Той пачуў, бо павярнуўся, адказырнуў, памахаў рукамі і пайшоў сабе далей. Юрэвіч.

адкаласава́ць, ‑суе; зак.

Выпусціць колас. Лета было ў.. разгары. Даўно адкаласавала жыта. Шашкоў.

адкалашма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго-што.

Разм. Моцна пабіць.

адкало́цца, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.

1. Аддзяліцца, адваліцца ад таго, што колецца, бурыцца.

2. перан. Парваць сувязь з кім‑, чым‑н., выйсці са складу якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Адкалоцца ад таварышаў. □ Хто б мог падумаць, што паненка сапраўды адколецца ад шляхты. Бажко.

адкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.

1. Колючы, аддзяліць; адламаць, адшчапаць. Хвалі крыгу адкалолі, Вір пад крыгай забурліў. Лодку ўзяць Сымон не здолеў, Так на крызе і паплыў. А. Александровіч. [Максім] секануў другі раз на вяршок вышэй і адкалоў тоўстую трэску. Шамякін.

2. перан. Разлучыць з кім‑н., аддзяліць ад каго‑, чаго‑н.

3. Разм. Зрабіць, сказаць што‑н. нечаканае, недарэчнае. Адкалоць штуку. □ Пры сустрэчы з Шаманскім Якуб Малашчыцкі адкалоў той жа завучаны рэверанс са словамі: «Ваша чэсць». Дуброўскі.

адкалупа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адкалупаць.