Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адзе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памянш. да адзежа. Каб не ежка ды не адзежка, было б грошай поўна дзежка. Прыказка.

2. Адзінкавы прадмет адзення; тое, што і адзежына.

адзе́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да адзежы; прызначаны для адзежы. Адзежная шафа. Адзежная тканіна. Адзежнае забеспячэнне.

адзе́жына, ‑ы, ж.

Адзін з прадметаў адзення. Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы [Джуліі]. Быкаў.

адзе́нне, ‑я, н.

1. Вырабы з тканіны, футра і пад., якія надзяюць на сябе. Цёплае адзенне. Цывільнае адзенне. □ Яны некуды спяшаліся, гэтыя людзі ў нязвыклым адзенні, у нязвыклым для Міколкі абутку. Лынькоў. [Настаўнік] выдзяляўся сярод вязняў не толькі сваім гарадскім адзеннем, але паважнасцю і стройнасцю чалавека інтэлігентнага. Машара. / у перан. ужыв. Растрэслі адзенне лясы, Даўно адцвілі верасы. Колас.

2. Спец. Пакрыццё праезджай часткі дарогі, вуліцы, абліцоўка будынкаў і інш.

адзеравяне́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан адзеравянелага.

адзеравяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў цвёрдым, як дрэва; ператварыўся ў драўніну. // перан. Анямелы, здранцвелы. // перан. Нерухомы, застылы.

2. перан. Безуважны, абыякавы да навакольнага. Піліпчык прабадзяўся тут [у родным кутку] чатыры дні і здавалася, што ён быццам адзеравянелы. Чорны.

адзеравяне́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. адзеравянець.

адзеравяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Зрабіцца цвёрдым, як дрэва.

2. Страціць адчувальнасць; анямець, здранцвець. Калі Сымон сеў за стол, далоні яго не хацелі гнуцца, адзеравянелі ад сякеры. Чарнышэвіч.

3. перан. Стаць абыякавым да навакольнага. За гэты дзень, нават, праўдзівей сказаць, за гэтыя гадзіны, .. [Стафанковіч] атупеў, быццам адзеравянеў. Чорны.

адзервяне́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан адзервянелага.

адзервяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і адзеравянелы.