Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аддаля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да аддаліцца.

2. Зал. да аддаляць.

аддаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да аддаліць.

адда́насць, ‑і, ж., каму-чаму.

Уласцівасць адданага; адданыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Пачуццё адданасць Савецкай радзіме. Бязмежная адданасць справе Леніна.

адда́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. аддаць (у 5 знач.).

адда́ны, ‑ая, ‑ае.

Прасякнуты любоўю і вернасцю да каго‑, чаго‑н. І прывітаю разам шчыра Адданых партыі людзей. Колас. // Які выказвае адданасць, вернасць. — Так, так, пан, — Гулік глядзіць на майстра адданымі вачамі. Навуменка.

аддару́нак, ‑нка, м.

Аддзяка ў выглядзе падарунка. // перан. Аплата за працу. Сіратлівыя бабкі.. выглядам сваім як бы казалі: .. гэта ўсё, чым магла адплаціць за працу няшчодрая на аддарункі тутэйшая зямля. Мележ.

аддары́ць, ‑дару, ‑дорыш, ‑дорыць; зак., каму.

Зрабіць падарунак каму‑н. у адказ на атрыманы. // перан. Аддзякаваць, адплаціць чым‑н. за ласку, паслугу. — Возера, лес, зямля неблагая, ты толькі прылашчы гэтую зямлю — і яна табе аддарыць, — развёў Рудак рукамі, паказваючы на прасцяг, які адкрываўся за сялом. Броўка.

адда́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца, зак.

1. каму. Аддаць сябе ва ўладу пераможцы; здацца. [Камісар:] — Расстраляйце мяне, Толькі ворагу я не аддамся. Глебка. // на што. Аддаць сябе ў чыё‑н. распараджэнне; даверыцца чыёй‑н. упадзе. Кастусь Прыбыткоўскі аддаўся на чужую волю. Чорны. Відаць, хацеў [Андрэй] быць галавой сям’і, — разважала Марына, — ды ўбачыў, што з гэтага нічога не выходзіць. Аддаўся на маю ўладу. Так даўно трэба было зрабіць... Шахавец. // Уступіць у палавую сувязь (пра жанчыну). Алімпа верыла Валодзю, як верыла самой сабе, і таму.. аддалася яму. Сабаленка.

2. каму-чаму. Цалкам прысвяціць сябе чаму‑н. (працы, вучобе, сям’і і пад.). Нельга.. кінуць агульнае справы і аддацца пытанням прыватнага жыцця. Гартны. Коля з усім уласцівым яму захапленнем аддаўся новай рабоце. Якімовіч. // Захапіцца чым‑н., паглыбіцца ў што‑н. (думкі, мары, пачуцці і пад.). Аддацца ўспамінам. □ Апетыт у Макара рос. Ён увесь аддаўся ядзе. Бядуля. Пшанічны даеў вынятыя з кішэні рэшткі сала і.. суцішыўся — аддаўся журбоце. Быкаў.

3. чым. Адазвацца, адбіцца (пра гукі). Грукат і перастук.. колаў [цягніка] разлеглым водгуллем аддаліся ў пустой каробцы вакзала. Карпаў. // Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё; адазвацца як‑н. Моцны стук над галавою аддаўся вострым болем у вушах і ў галаве. Кулакоўскі.

4. безас. Будзе аддадзена, заплачана. Некалі аддасца.

5. Перастаць злавацца, упарціцца; здацца. Ну што ж, пасля, як стары аддасца, даведаемся пра ўсе.. яго выкрунтасы. Брыль.

адда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер.

2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін.

3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк.

4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч.

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.

6. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.

7. безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.

8. Зак. да аддаваць (у 2 знач.).

9. Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

•••

Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда».

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям.

Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч.

Аддаць жыццё за каго‑, што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў.

Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.

Аддаць за так — аддаць бясплатна.

Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган.

Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.

Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Аддаць належнае каму‑, чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.

Аддаць на суд каму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.

Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас.

Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.

Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка.

Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.

Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі.

Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).

адда́ча, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. аддаваць — аддаць (у 1, 2, 5 і 6 знач.).

2. Спец. Каэфіцыент карыснага дзеяння механізма. Аддача лямпачкі напальвання. // Карысць, якая чакаецца ад таго, на што былі зроблены пэўныя затраты.