Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адгадава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адгадаваць.

адгадава́цца, ‑дуецца; зак.

Адкарміцца, стаць сытым, тоўстым. [Жук:] — Калі нас [салдат] так увесь час будуць харчаваць, то мы за тры гады адгадуемся, як на курорце. Алешка.

адгадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго-што.

1. Даць магчымасць адрасці, дасягнуць значных памераў. Адгадаваць бараду.

2. Выгадаваць, адкарміць. Адгадаваць кабана.

адгада́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адгадаць.

адгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разгадаць загадку; правільна вырашыць пытанне, якое патрабуе здагадкі, кемлівасці. [Пан:] — Загадаю вам [беднаму і багатаму] тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і карова застаецца. Якімовіч. // Вызначыць што‑н., даведацца аб чым‑н. інтуітыўна, пры дапамозе здагадкі. Волька з паўслова ўмела адгадаць Міхалаву думку. Васілевіч. Часамі, седзячы ў сябе на ганку, я разглядаў гэтыя гамакі і стараўся адгадаць, каторы з іх Данусін. Карпюк. // Па якіх‑н. прыкметах уведаць аб чым‑н. наперад; прадбачыць. І так і сяк яны [Даніла і Марынка] мяркуюць, Каб адгадаць падзеі ход. Колас. // Пазнаць каго‑, што‑н. Ціхаміру раптам захацелася пашукаць знаёмых, і ён прайшоўся між лавак, але знаёмых не было, ды і наўрад ці адгадаў бы ён тут каго, каб нават і былі: гады ж не так сабе ішлі. Чыгрынаў. Шпалеры на сценах да таго выцвілі, што нельга адгадаць іх першапачатковы колер. Пестрак.

адга́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адгадваць — адгадаць.

адга́двацца, ‑аецца; незак.

1. Угадвацца. За соснамі адгадваўся блізкі праліў, чутно было, як ліжуць гальку хвалі. Лупсякоў.

2. Зал. да адгадваць.

адга́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адгадаць.

адгадзі́ць, ‑гаджу, ‑годзіш, ‑годзіць; зак.

Разм. Робячы што‑н. добрае, аддзякаваць за паслугу. І сабака за дабро ўмее адгадзіць. Прыказка.

адга́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Адказ на загадку; рашэнне, якое раскрывае якую‑н. тайну. Як сагрэўся [Ігнат], пачаў здагадвацца, куды яго вязуць, і спалохаўся нечаканай адгадкі. Галавач.