адкрухма́львацца, ‑аецца; незак.
Зал. да адкрухмальваць.
адкрухма́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адкрухмаліць.
адкруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскруціўшыся, аддзяліцца. Вось адзін сноп .. стаў разлазіцца, аб’язджаць, пэўна перавясла было нямецкае ці адкруцілася. Мележ. // Адшрубавацца. Шруба адкруцілася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павярнуўшыся, адкрыцца. Кран адкруціўся.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зламацца, адарвацца ад пакручвання ў розныя бакі; перакруціцца. Спелая макаўка лёгка адкруцілася.
4. Кончыць круціцца, адкружыцца. Адкруціліся пары ў вальсе.
5. Разм. Ухіліцца, вызваліцца ад чаго‑н. з дапамогай выдумак, хітрыкаў; пазбегнуць чаго‑н. Пасля таго, як.. [факір] зразумеў, што адкруціцца ніяк не выпадзе, ён шмат што нам расказаў. Мікуліч.
адкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Круцячы ў адваротны бок, раскручваючы, аддзяліць. Адкруціць дрот ад слупа. // Круцячы назад па разьбе, зняць; адшрубаваць. Адкруціць гайку.
2. Павярнуўшы ўбок, адкрыць. Адкруціць кран.
3. Круцячы, адарваць. Уладзік распрануўся, адкруціў з вянка цыбулі адну галоўку, набраў конаўкай вады, потым адрэзаў скібку хлеба і сеў за стол. Грамовіч.
4. Раскручваючы, разгарнуць, раскрыць. [Несцер:] — Адкруціла, разгарнула [жанчына] паперку ды як закрычыць і — у непрытомнасць. Кулакоўскі.
5. Прапрацаваць пэўны час, круцячы што‑н.
•••
Адкруціць галаву — бязлітасна пакараць; расправіцца (у сэнсе пагрозы).
Адкруціць вушы — не вельмі строга пакараць, накруціўшы вушы.
адкру́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адкруціць.
адкру́чванне, ‑я н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адкручваць — адкруціць.
адкру́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адкруціцца.
2. Зал. да адкручваць.
адкру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адкруціць (у 1–4 знач.).
адкрыва́льнік, ‑а, м.
Чалавек, які адкрыў, адкрывае што‑н. першы, упершыню. — Дык ёсць жа і рабочыя, што робяць адкрыцці, — не вытрымлівае Веньямін. — Напрыклад, Наўзуноў. Ён жа інжынерам не быў. [Мудрык:] — Якраз наадварот. Па духу ён адкрывальнік. Няважна, што не ведаў тэорыі. Навуменка.
адкрыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адкрываць — адкрыць.