Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адрэдагава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адрэдагаваць.

адрэдагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., што.

Правесці рэдагаванне якога‑н. тэксту. Садовічу, Райскаму і Тукалу даручылі напісаць пратакол настаўніцкага сходу і адрэдагаваць пастанову. Колас. Не паспеў Якаў Сцяпанавіч адрэдагаваць заметку, як на парозе з’явіўся яе аўтар. Паслядовіч.

адрэ́з, ‑а, м.

1. Кавалак тканіны, адрэзаны для пашыву чаго‑н. Дзядуля адчыніў [куфар] і дастаў адтуль адрэз моцнага корту цёмнага колеру. Якімовіч. Ці не занадта яркая расфарбоўка для маёй старой? — разгладжваючы крыху пакамечаны адрэз на плацце, спытаў .. [Красан] у Гашы. Стаховіч.

2. Тое, што і абрэз (у 1 знач.). [Андрэй:] — Дзе ў каго ёсць якія адрэзы, вінтоўкі, няхай бяруць з сабою ў лес. Пестрак.

•••

Даць галаву на адрэз гл. даць.

адрэ́зак, ‑зка, м.

1. Невялікі адрэзаны кавалак чаго‑н. [Васіль] адрэзаў з братам некалькі дошак на столь. Паставіў адрэзкі пры сцяне на козлы, каб можна было браць зверху. Мележ.

2. Абмежаваная частка чаго‑н. Адрэзак часу. Адрэзак шляху. □ Застава лейтэнанта Усава ў няроўнай барацьбе.. трымала давераны ёй адрэзак граніцы. Брыль.

3. пераважна мн. (адрэ́зкі, ‑аў). Землі, адрэзаныя ад сялянскіх надзелаў у часе рэформы 1861 г. ў Расіі.

адрэ́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адрэзаць.

•••

Адрэзаная скіба (луста), адрэзаны кавалак гл. скіба.

адрэ́зацца, ‑рэжацца; зак.

Быць адрэзаным (гл. адрэзаць у 1 знач.).

адрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. што. Аддзяліць частку чаго‑н. рэжучым інструментам. Выняўшы свежую, дамашняй выпечкі, буханку хлеба, [цётка] адрэзала акраец. Скрыпка. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка.

2. што. Аддзяліць частку зямельнага ўчастка. [Якуб] не раз абводзіў вачыма раўніну Жагулавага поля, абкружанага з усіх бакоў высокай сцяной бору, і стараўся ўгадаць, з якога боку адрэжуць у Жагулы лішні кусок зямлі, дзе давядзецца Якубу забудавацца. Крапіва. Карычанцы прыйшлі, каб ім панскай зямлі адрэзалі па кавалку. Скрыган.

3. што, ад чаго што. Аддзяліць, разлучыць, пазбавіўшы зносін, сувязі з кім‑, чым‑н. Адрэзаць авангард ад галоўных сіл.

4. што. Перагарадзіць (дарогу, праход і пад.). Трэба было хутчэй дапаўзці да лесу, пакуль браневікі не адрэзалі нам дарогу. Карпюк. Матка развязвае матузы ад фартуха, становячыся бліжэй да дзвярэй, каб адрэзаць Міколку ўсякія шляхі да адступлення. Лынькоў. // Зрабіць немагчымым дасягненне якой‑н. мэты. Некалькі разоў парываўся [Іван] вярнуцца .. назад дадому, але жонка адрэзала ўсе шляхі да гэтага звароту: перасварылася з усім калгасам. Васілевіч.

5. без дап. Разм. Рэзка і ў катэгарычнай форме сказаць, заявіць. [Камендант:] — Кідай зброю!.. — І не падумаю, — адрэзала Юзя. Бажко. — Мне з вамі няма аб чым гаварыць, — адрэзала Ніна і пакінула Гаркуна пасярод хаты. Гроднеў.

•••

Як (нажом) адрэзаць — катэгарычна (сказаць), рашуча прыпыніць якое‑н. дзеянне.

адрэ́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. адрэзваць — адрэзаць (у 1, 2 знач.).

адрэ́звацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адрэзацца.

2. Зал. да адрэзваць.

адрэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адрэзаць.