Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аднатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Адзначыць, запісаць, занатаваць.

аднато́мнік, ‑а, м.

Аднатомнае выданне. Аднатомнік твораў М. Багдановіча.

аднато́мны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з аднаго тома. Аднатомнае выданне.

аднато́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць аднатоннага. Але, высока ацэньваючы дар Коласа, патрабавальнасці Багдановіч не зніжаў. Ён сурова гаварыў аб аднатоннасці вершаў зборніка. Лойка.

аднато́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Нязменлівы, аднастайны паводле тону, гучання; манатонны. Аднатонныя песні спявала восень, жалобна шумеў аголены лес. Колас. Ноч звініць за акном аднатоннымі кроплямі. Скрыган.

2. Аднаколерны. Аднатонны стэп. Афарбоўка лесу ніколі не бывае аднатоннай.

аднато́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аднатаваць.

аднаты́пны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і аднатыповы.

аднатыпо́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць аднатыповага. Аднатыповасць станкоў.

аднатыпо́вы, ‑ая, ‑ае.

Аднаго ці падобнага тыпу. Аднатыповыя ўмовы. Аднатыповыя вобразы.

аднаўко́сны, ‑ая, ‑ае.

Які косяць адзін раз на працягу лета. Аднаўкосная канюшына.